У "Мінск-Сіці" ўзвядуць хмарачосы, а інтэр’ер кватэраў можна будзе вызначаць самастойна
Такога Беларусь яшчэ не бачыла. У 2009 годзе ў раёне аэрапорта "Мінск-1" пачнецца рэалізацыя, бадай, самага грандыёзнага і амбіцыйнага праекта новага тысячагоддзя. Станцыя трэцяй лініі метро, хмарачосы, камфортныя кватэры і спартыўны комплекс, фінансава-дзелавы цэнтр, дзіцячыя садкі, магазіны, аквапарк, культурна-забаўляльны цэнтр... Пералічваць можна бясконца. Тут будзе знаходзіцца адміністрацыйна-дзелавы цэнтр "Мінск-сіці", сучасныя мікрараёны. Ён будзе сапраўдным "горадам у горадзе", у якім можна, не пакідаючы тэрыторыі, пражыць усё жыццё.
Ідэя зрабіць такі "горад нашай мары", несумненна, бліскучая. Будуць выкарыстаны новыя тэхналагічныя рашэнні, перадавыя будаўнічыя вынаходніцтвы. З пункту гледжання архітэктурнага майстэрства "Мінск-Сіці" не мае падабенства ні з якімі іншымі аб’ектамі забудовы вялікіх беларускіх гарадоў і ствараецца на падставе найноўшых сусветных тэндэнцый. Можа, ва ўсім свеце такія цэнтры-комплексы пачалі ўзводзіцца даўно, а ў нас — будуць з’яўляцца толькі зараз, але ва ўсім астатнім беларускі "сіці" возьме самае лепшае ад самых сучасных распрацовак.
Калі Эйфель будаваў вежу, вакол была зусім іншая архітэктура...
— Ідэя цудоўная, але ж яна патрабуе і шмат фінансавых выдаткаў? — дазнаваўся карэспандэнт газеты ў аднаго з аўтараў праекта "Мінск-Сіці", начальніка архіэктурна-планіровачнай майстэрні № 5 унітарнага прадпрыемства "Мінскграда" Валерыя Геруса.
— Мінску, як надзвычай вялікаму гораду, даўно ўжо не хапае свабодных пляцовак пад будаўніцтва жылля, офісных будынкаў, мала парковак. Патрабуецца ўсё больш аб’ектаў сацыяльнай сферы. Сталіца расце з кожным годам. Таму ідэя заняць тэрыторыю аэрапорта прыйшлася вельмі дарэчы. Аб тым, што гэты аэрапорт магчыма вынесці за межы сталіцы, упершыню пачалі казаць яшчэ ў 1973 годзе. Зараз, калі з’явілася магчымасць перанесці авіярамонтны завод, які звязаны з аэрапортам, за тэрыторыю горада, мы "атрымалі" 350 гектараў свабоднай плошчы, на якіх, акрамя непасрэдна "Мінск-Сіці", размесцяцца жылыя кварталы, будынкі дыпламатычных прадстаўніцтваў, камунальная зона і іншыя элементы комплекснай забудовы.
— Хмарачосы будуць "сапраўдныя" ці проста высокія па нашых мерках будынкі?
— Без сумненняў — "сапраўдныя". Своеасаблівы будынак-сімвал "Мінск-Сіці", што размесціцца ў яго цэнтры, будзе вышынёй у 60—70 паверхаў. Сярод хмарачосаў ён стане самым вялікім. Акрамя таго, ён будзе адным з галоўных архітэктурных элементаў, які сфарміруе аблічча новага раёна.
— Дарэчы, наконт аблічча. Згадзіцеся, вельмі высокія будынкі нязвыклыя для нашых людзей. Уявіце, недалёка ад Сіці застанецца жылы сектар з дамамі савецкага ўзору...
— Згодзен, што хмарачосы будуць істотна ўплываць на аблічча ўсёй сталіцы. Але калісьці трэба адважыцца зрабіць першы крок, ці адмовіцца ад хмарачосаў назаўсёды. Калі Эйфель узводзіў сваю вежу, усе навакольныя таксама сцвярджалі, што яна не адпавядае абліччу сучаснага горада. Калі ў другім сусветнавядомым сімвале Парыжа, у цэнтры Луўра размясцілі піраміду, шмат людзей таксама выказваліся супраць. Але час паказаў, што абедзве задумы прыйшліся дарэчы.
Каб не "падсаджвацца" на Брылеўская-Кіжаватава
Будаўніцтва новага мікрараёна дазволіць пазбавіцца ад яшчэ адной тыповай для сталіцы складанасці — перанасычанасці транспартных магістраляў. Для гэтага найбліжэйшыя да новага раёна вуліцы будуць падоўжаныя, а некаторыя аб’яднаюцца. Праз "Мінск-Сіці" пройдзе трэцяя лінія метро.
Каб вырашыць праблему з паркоўкай аўтамабіляў, будуць зроблены дадатковыя праезды. Напрыклад, каб трапіць да патрэбнага месца, вадзіцель проста паверне на праезд-дубль (які адначасова з’яўляецца і жылой вуліцай), пакіне аўтамабіль на паркоўцы (прадугледжана з’яўленне і падземных стаянак), і спакойна пойдзе па сваіх справах.
У час узвядзення "Мінск-Сіці" вуліца Жукоўскага будзе працягнута да вуліцы Кіжаватага. Таксама прапанавана аб’яднаць вуліцы Чкалава і Казінца. Другое транспартнае кальцо, частка якога праходзіць па вуліцы Аэрадромная, таксама адчуе ўплыў рэканструкцыі.
— Няўжо вуліцы неабходна так значна змяняць?
— Трэба разгрузіць горад ад затораў. Зараз раёны бальніцы хуткай дапамогі, вуліцы Сярова, Курасоўшчыны, тэрыторыі заводаў "Керамін" і "Інтэграл" звязаны з усёй сталіцай толькі дзякуючы вуліцам Брылеўская-Кіжаватава. Увесь транспарт, які рухаецца з паўднёвага боку ў горад, такім чынам, перамяшчаецца толькі праз звязку Кіжаватава-Брылеўскай, што вельмі нязручна.
— Якія вуліцы стануць межамі новага раёна?
— Тэрыторыя ўнутры вуліцы Аэрадромная — чыгункі напрамкам "Мінск—Гомель" — трэцяга транспартнага кальца — Кіжаватава — Брылеўская. Забудова будзе звязана з Лошыцкім ручаём. Адзначу таксама насуперак розным чуткам, што могілкі, якія размешчаны на тэрыторыі, ніхто чапаць не збіраецца.
У чым "дамінанта" "Мінск-Сіці"?
Новы раён горада адмыслова задумваўся так, каб у адным месцы комплесна размясціць і жыллёвую зону, і адміністрацыйна-дзелавыя будынкі, звязаць адной тэрыторыяй гандлёвыя, спартыўныя, сацыяльныя аб’екты. Аблічча "Сіці" будзе разнастайным, каб задавальняць патрэбы і тых, хто будзе там жыць, і тых, хто штодня стане прыязджаць на працу ці адпачынак.
Знешні выгляд і архітэктура месца, усе будынкі размеркаваны па некалькіх планіровачных восях. На першай з іх, на працягу вуліцы Жукоўскага размесціцца цэнтральная плошча раёна. Там будзе стаяць той самы высокі хмарачос і кангрэс-хол. Уздоўж вуліц Кіжаватава—Жукоўскага, як на галоўным праспекце, на першых паверхах дамоў з’явяцца кафэ, бары, магазіны, майстэрні, хімчысткі, пральні. Акрамя таго, па ўсёй магістралі, паралельна ёй, будуць зроблены праезды. "Галоўны" хмарачос утворыць, як кажуць архітэктары, "дамінанту", ад якой будзе працягнуты пешаходны бульвар. Там жа з’явяцца музычныя фантаны і басейны.
Бульвар пройдзе перпендыкулярна вуліцы Жукоўскага, і так задуманы, каб зусім не сустракацца з транспартнымі шляхамі. Ад гэтай жа вуліцы пачнецца другая вось, яна ж з’яўляецца і асноўнай. Каб стварыць магчымасць праезду праз увесь цэнтр "Мінск-Сіці", паміж вуліцамі Жукоўскага і Казінца з’явяцца дзве ўнутраныя жылыя вуліцы. Па іх можна будзе дабрацца да шматярусных парковак ці аўтастаянак на адкрытым паветры.
На перакрыжаванні пешаходнага бульвара і вуліцы Чкалава ўключаючы зялёную зону будзе другая плошча, прычым будынак аэрапорта застанецца некранутым, і будзе, як адзначыў суразмоўца, "нібыта палац у парку". Два існуючых скверы ператвораць, і зялёную зону звяжуць з пешаходным бульварам. А з другога боку ад галоўнай плошчы яна будзе працягнута ажно да Лошыцкага ручая. Яшчэ каля яго ўзвядуць аквапарк і зробяць месцы для актыўнага адпачынку.
— Валерый Мікалаевіч, дзелавое жыццё ў "Мінск-Сіці" падзеліць суседства з жылымі кварталамі?
— Дамы будуць вышынёй ад 9 да 21 паверха. Усяго плануецца засяліць у іх 35—38 тысяч жыхароў. Агульная плошча жылля складзе 800—850 тысяч квадратных метраў. Прычым адразу ж, разам з кватэрамі, у кварталах з’явіцца ўвесь сацыяльны комплекс — дзіцячыя садкі, магазіны, спартыўныя пляцоўкі, хімчысткі, школы.
— Кажуць, што жыллё будзе "элітным"?
— Я пазбегнуў бы такога азначэння, бо звычайна пад ім разумеюць высокі кошт жылля. У нашым выпадку элітным яно будзе лічыцца з боку архітэктурнага вырашэння і камфорту. У прыватнасці, унутраны выгляд памяшканняў зробяць не такім, як у кватэрах, якія пабудаваныя ў савецкія часы. Мы жадаем, каб жыхар "Мінск-Сіці" мог самастойна вызначаць інтэр’ер і дызайн свайго дома, каб ён без цяжкасцяў зрабіў планіроўку жылля на свой густ. Ці ўвогуле без сценаў, ці са шматлікімі пакоямі, і каб не было праблемы разбурыць унутраную сцяну ў час рамонту з рызыкай пашкодзіць увесь дом. У гэтым сэнсе, калі гаспадар будзе мець магчымасць выбіраць для сябе дызайн, кватэры і сапраўды можна назваць элітнымі.
— "Мінск-Сіці" пачалі параўноўваць з "Масква-Сіці"...
— Нават памылкова назвалі яго аднойчы такім жа вялізным, як і ў суседняй сталіцы.
Дзмітрый АЛЬФЕР.
Звязда
4 октября 2007