Студэнцкі рай
Добра, калi ў "пакутнiка навукi" ёсць дах над галавою, няблага, калi маецца чым падсiлкавацца, цудоўна, калi яшчэ i павесялiцца на славу атрымлiваецца. А калi ўсё гэта даступна ў комплексе i не па "куслiвым" кошце? Гэта ж сапраўдны студэнцкi рай, i самае цiкавае, што рэальнасцю ён стане лiтаральна ў наступныя некалькi гадоў. Аквапарк i тэнiсныя корты, боўлiнг i рэстаран, цырульня i дыскатэка — i да ўсяго гэтага ад iнтэрната — рукой падаць. Цяперашнiя студэнты могуць толькi марыць аб такiм, а для тых, хто прыйдзе iм на змену, гэта стане натуральным.
Ну а пакуль грандыёзны жылы комплекс для студэнтаў — гэта толькi праект, давайце зазiрнём у архiтэктарскую майстэрню i даведаемся, як зменiцца ў хуткiм часе аблiчча паўднёва-заходняй часткi горада ў раёне праспекта Дзяржынскага ля Медыцынскага ўнiверсiтэта. У падарожжа па яшчэ не пабудаванай студэнцкай вёсцы (найменне па аналогii з алiмпiйскай вёскай) выпраўляемся разам з Галiнай Перлiнай з "Мiнскпраекта" — галоўным архiтэктарам праекта:
— Праект сапраўды ўнiкальны: аналагаў яму няма не толькi ў Беларусi, але i на ўсёй тэрыторыi СНД. У нечым ён падобны на кампусы ў заходнiх краiнах, i безумоўна, гэты вопыт быў улiчаны, аднак там будынкi групуюцца вакол унiверсiтэта. У нас жа гэта самастойны жылы комплекс для студэнтаў самых розных унiверсiтэтаў, пры гэтым ён дапоўнены такой iнфраструктурай, якая зможа забяспечыць лiтаральна ўсе патрэбы моладзi. Дарэчы, iнтэрнаты займаюць значна меншую тэрыторыю ў параўнаннi з будынкамi забаўляльнага i сацыяльнага прызначэння.
Так, сапраўды, прасцей сказаць, чаго тут не будзе, чым пералiчыць тое, што запланавана, аднак мы паспрабуем. Трэба нешта раздрукаваць цi зрабiць копiю дакумента — калi ласка, ёсць жаданне ўладкавацца на працу — да вашых паслуг цэнтр занятасцi, неабходна праверыць электронную пошту — вам у Інтэрнэт-кавярню, атрымаць стыпендыю — у аддзяленне банка, зрабiць пакупкi — у гандлёвы цэнтр, усiм ахвотнiкам асвяжыць прычоску — прамая дарога ў цырульню, грызцi гранiт навукi можна будзе ў бiблiятэцы, а дзялiцца ведамi — у канферэнц-залах, калi ж раптам адчулi сябе дрэнна, вам дапамогуць у палiклiнiцы. Прынамсi, для аматараў здаровага ладу жыцця ёсць мноства спартыўных збудаванняў, у тым лiку крыты каток. Карацей, усё, што нi спатрэбiцца, у студэнцкай вёсцы ёсць, прычым размешчана вельмi кампактна, так што трапiць "з карабля на баль" тут будзе вельмi лёгка.
Тое, што аналагаў праекту няма, здавалася б, цудоўна: ёсць магчымасць стварыць нешта адмысловае, асаблiвае, аднак не ўсё так проста. Першапраходнiцкi аптымiзм азмрочвае недахоп iнфармацыi:
— Няма нарматыўных даных для праектавання жылых комплексаў такога тыпу. Скажам, як разлiчыць, колькi спатрэбiцца месцаў для паркоўкi машын (сёння сярод студэнтаў даволi iстотная доля аўтаўладальнiкаў) i на якую колькасць дзяцей пабудаваць садок (нельга забываць пра маладыя сем’i)? Спрабуем планаваць колькасць паркоўкавых месцаў па аналогii з адпаведнымi нормамi ў гасцiнiцах i санаторыях, пры гэтым не забываемся на тое, што машыны тут могуць пакiдаць абслуговы персанал ды i звычайныя гараджане, якiя змогуць свабодна карыстацца iнфраструктурай студэнцкага комплексу — нi плотаў, нi прапускной сiстэмы тут не плануецца. З улiкам усiх гэтых акалiчнасцяў мы заклалi ў праекце амаль удвая больш паркоўкавых месцаў у параўнаннi з тым, што было прадугледжана дэталёвым планам, якi распрацавалi спецыялiсты "Мiнскграда". Паводле нашай задумы, на тэрыторыi студэнцкага комплексу можна будзе прыпаркаваць звыш тысячы машын — на адкрытых аўтастаянках цi пад зямлёй.
Не меншыя, а мо i большыя спрэчкi ўзнiклi пры падлiках будучых наведвальнiкаў дзiцячага садка, якi, паводле праекта, прыбудаваны да аднаго з iнтэрнатаў. Садок разлiчаны на 60 месцаў, зноў-такi разлiк, хутчэй, iнтуiтыўны:
— Калi ў звычайным жылым раёне ўстаноўлена, што на тысячу жыхароў патрэбна 150 месцаў у дзiцячай установе, то аналагiчных паказчыкаў па колькасцi дзяцей у студэнтаў няма.
I гэта далёка не ўсе пытаннi, якiя ўзнiкалi падчас працы над праектам:
— Паводле нормаў, грамадскiя збудаваннi, разлiчаныя на вялiкую колькасць наведвальнiкаў, павiнны быць значна аддаленымi ад iншых аб’ектаў. Скажам, ад гандлёвага цэнтра павiнна быць не менш за 50 метраў да ўсiх збудаванняў, што ёсць паблiзу. Аднак на нашым участку мы ставiм задачу як мага больш лакалiзаваць аб’екты i зрабiць жылы комплекс насычаным разнастайнымi ўстановамi. Пры такой функцыянальнасцi i кампактнасцi мы не можам сабе дазволiць такую аддаленасць аб’ектаў. Даводзiцца ва ўсiх iнстанцыях абгрунтоўваць неабходнасць гэтага i даказваць, што грамадскiя збудаваннi ў дадзеным выпадку не з’яўляюцца самастойнымi — яны ствараюцца спецыяльна для таго, каб абслугоўваць жыхароў найблiжэйшых будынкаў.
Пры ўсiх цяжкасцях было выкарыстана мноства цiкавых, арыгiнальных рашэнняў:
— Мы iмкнулiся стварыць i, спадзяюся, нам гэта ўдалося, уласную планiровачную структуру, якая суадносiлася б з навакольным ландшафтам. Комплекс размешчаны на магiстралi праспекта Дзяржынскага, яна пакуль не забудавана так, як iншыя магiстралi горада, i новы жылы комплекс дазволiць сфармiраваць фрагмент найноўшага i найбольш адпаведнага сучаснасцi сталiчнага праспекта. Таму дамiнанта забудовы вынесена на перасячэнне праспекта Дзяржынскага i вулiцу "Чацвёртае кальцо" (працяг праспекта Любiмава): 25-павярховы будынак iнтэрната для аспiрантаў i студэнтаў у комплексе з чатырохпавярховым кальцавым будынкам забаўляльнага цэнтра складае ўваходную групу. Структура дастаткова простая: галоўны структураўтваральны элемент — студэнцкая пешаходная алея, якая звязвае ўсе ключавыя зоны жыллёвага комплексу, — хвалепадобны, з мноствам навесаў. Паколькi паблiзу студэнцкага комплексу размешчаны вадаём Лошыцкай воднай сiстэмы, мы арганiчна ўключаем яго ў агульную структуру. Рэльеф тут вельмi цiкавы, i мы скарысталi гэта пры праектаваннi. Справа ў тым, што ў зоне жылога комплексу ёсць пляцоўкi розных узроўняў: самая высокая — у раёне праспекта Дзяржынскага, а далей iдзе падзенне рэльефу ў бок вадаёма. Мы наўмысна не сталi рабiць плаўнага пераходу — так было б звыкла i стандартна, мы абралi тэрасаваную забудову. Самая нiзкая тэраса — гэта паркавая зона, там будзе амфiтэатр (студэнцкi форум) ля вады, атракцыёны, веласiпедныя дарожкi.
Веласiпед, дарэчы, будзе адзiным вiдам унутранага транспарту — будынкi размешчаны так кампактна, што ў грамадскiм транспарце патрэбы няма. Уладкаванне паркавай зоны значыцца на апошнiм месцы ў плане праекцiроўшчыкаў. На сёння ж зацверджаны толькi першы этап праекта — эскiзны праект забудовы.
— Ён яшчэ не прайшоў экспертызу, мы толькi ўзгаднiлi яго ў Санэпiдэмстанцыi, Мiнiстэрстве экалогii, Камiтэце архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Мiнгарвыканкама. Будаўнiчы праект мы пакуль не рабiлi, аднак ужо зараз вядома, што першачарговым будзе iнтэрнат БДУ — пакуль што адзiны iмянны — ён заменiць унiверсiтэту тую пляцоўку, што перайшла на баланс горада. Налета праектныя працы па гэтым iнтэрнаце будуць, вiдаць, завершаны, а першых жыхароў ён зможа прыняць ужо ў 2009 годзе. Будаўнiчы праект iнфраструктуры, хутчэй за ўсё, таксама будзе выкананы налета: завершана чарнавая вертыкальная планiроўка, пракладзены магiстральныя iнжынерныя сеткi — пляцоўка будзе падрыхтавана да будаўнiцтва. Далей усё залежыць ад таго, хто будзе заказчыкам i iнвестарам. Ужо сёння вядома, што не ўсе аб’екты будуць фiнансавацца з бюджэтных сродкаў: кампанiя "Трайпл" возьме на сябе крыты каток (праектаванне даручана "Белпрампраекту") — гэта падарунак гораду. Астатнiя спартыўныя збудаваннi, гандлёвы i забаўляльны цэнтры таксама могуць стаць аб’ектамi iнвестыцыйнага будаўнiцтва. Сёння ўжо гатовы ўсе матэрыялы для таго, каб выстаўляць iх на конкурс iнвестараў.
Усе аб’екты разам пры сваёй разнапланавасцi ўтвараюць адзiны ансамбль. Тэрыторыя самога жылога комплексу займае больш за 20 гектараў, а калi ўлiчыць паркавую зону, то атрымаецца ўдвая больш.
— Вызначыць стыль, у якiм выкананы будынкi студэнцкай вёскi, даволi цяжка: хай-тэкам яго не назавеш, i ад класiкi ён далёкi. Тут вельмi багата шкла, вiтражоў. Каляровай гамай комплексу яшчэ займаемся, не хочацца стракатасцi — пажадана, каб усе збудаваннi былi больш стрыманымi па тону. Мы, спадзяёмся, будзем кантраляваць гэты працэс.
У студэнцкiм квартале маюць шанцы атрымаць жыллё 8740 студэнтаў (1030 з iх будуць жыць у асобным iнтэрнаце БДУ). Што iх чакае?
— Мы не ставiлi сабе задачу пабудаваць нейкае элiтнае жыллё, аднак пры гэтым у новых iнтэрнатах жыць будзе вельмi камфортна i ўтульна. У структуры нам хацелася адысцi ад традыцыйнай сiстэмы калiдорнага тыпу, так што прапанавана менавiта блокавая сiстэма — ёсць жылая ячэйка, у якой размешчаны два цi тры пакоi, з уласным санвузлом i абавязкова светлай кухняй. Гэта прынцыпова новы момант у адрозненне ад звычайных iнтэрнатаўскiх кухняў-нiшаў. Ва ўсiх iнтэрнатах ёсць сталовыя цi кавярнi i мiнiмальны набор паслуг. Мiнiмальны, таму што ў iнфраструктуры студэнцкай вёскi прадугледжаны будынкi рознага грамадскага прызначэння, а ўнутры iнтэрнатаў — толькi самае неабходнае: кавярня цi сталовая, рамонт абутку цi медпункт. Усе iнтэрнаты праектуюцца прыблiзна з аднолькавым узроўнем камфортнасці, каб студэнты жылi ў роўных умовах. Самi жылыя пакоi афармлялiся з разлiку 6 квадратных метраў на чалавека, аднак з улiкам плошчаў, адведзеных пад сацыяльную функцыю (асобных памяшканняў для заняткаў, холаў, зiмовых садоў i г.д.), атрымлiваецца значна больш — асаблiва гэта датычыцца iнтэрната для аспiрантаў i студэнтаў: там гэты паказчык дасягае 16—18 квадратных метраў на чалавека.
Якая будучыня студэнцкiх вёсак? Цi стане студэнцкi рай нормай?
— На сёння ў сталiцы даволi сур’ёзны дэфiцыт месцаў у iнтэрнаце. Натуральна, што будаўнiцтва гэтага студэнцкага комплексу не вырашыць праблему цалкам. Паралельна мы вядзём праектаванне комплексу БНТУ, якi размешчаны ў раёне праспекта Незалежнасцi i Мiнскай кальцавой дарогi. Там знаходзяцца 15-ы корпус БНТУ i тры iнтэрнаты, мы займаемся праектам дэталёвага планавання гэтай зоны. Першапачаткова яна планавалася як другая пляцоўка для студэнцкага комплексу, аналагiчнага таму, што праектуецца ў паўднёва-заходняй частцы горада. Аднак гэта крыху iншы праект — там сумяшчаецца вучэбны працэс i асяроддзе пражывання студэнтаў. Магчыма, нават i гэтай зоны будзе недастаткова для таго, каб забяспечыць жыллём усiх, хто прыязджае ў Мiнск вучыцца. Не выключана, што з праекта студэнцкай вёскi на паўднёвым захадзе ўсё толькi пачынаецца.
Ала МАЧАЛАВА.
Звязда
21 декабря 2007