Рашэнне №101 Мінгарвыканкама афіцыйна адмененае.
Мінскія ўлады афіцыйна адмянілі рашэнне № 101 ад 15 студзеня 2009 года, паводле якога 5%-ныя льготныя крэдыты пры наяўнасці дамовы з забудоўшчыкам маглі атрымаць усе ахвотныя незалежна ад даты пастаноўкі на чаргу.
Сёння ў Нацыянальным прававым рэестры было зарэгістравана (№ 9/41632) рашэнне Мінгарвыканкама № 1601 ад 10.06.2011 «Аб прызнанні страціўшым сілу рашэння Мінгарвыканкама ад 15 студзеня 2009 г. № 101)».
Мінчукі згубілі самую выгадную магчымасць для будаўніцтва сваёй кватэры. Дзякуючы рашэнню № 101 кватэры змаглі пабудаваць каля 5 тысяч сем’яў (2–3 тысячы чалавек за год), якія адстаялі ў чарзе менш за 20 гадоў. Нават калі ўлічыць, што сярэдні памер такога крэдыту складаў каля $40 тысяч, агульныя выдаткі дзяржавы не перавышалі $100 мільёнаў штогод. Іншая рэч, што
ў сувязі з дэвальвацыяй папулярнасць такіх крэдытаў рэзка пайшла ўверх — беларусы разумелі, што аддаваць крэдыт у беларускіх рублях будзе нескладана.
Размовы пра адмену рашэння № 101 вяліся яшчэ год таму, нават называўся нібыта дакладны час — май, але ў перадвыбарчы год дзяржава не рашылася крыўдзіць жыхароў сталіцы.
Такім чынам, цяпер на рынку нерухомасці застаюцца 16%-ныя крэдыты для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, і 25–26%-ныя для ўсіх астатніх. У дадатак для атрымання такога крэдыту патрэбны вялікі заробак, якім не можа пахваліцца большасць беларусаў. Але цэны на будаўнічыя матэрыялы растуць. Забудоўшчыкі не гатовыя памяншаць кошт квадратнага метра, бо застануцца ў мінусе.
Гэта пагражае змяншэннем колькасці дамоў, што будуюцца ў сталіцы. Зрэшты, менавіта такой мэты дабіваецца Аляксандр Лукашэнка, заяўляючы, што новага жылля ў Мінску не павінна быць шмат.
На думку былога прэм'ера Сяргея Лінга, акурат пампаванне грошай у эканоміку праз будаўніцтва стала адной з прычынаў фінансавага крызісу ў Беларусі.
Наша Нива
Яўген Васількоў, Сяргей Гезгала
15.06.2011 г