Рост тарифов ЖКХ не планируется
Урад Беларусі да канца года не плануе павышаць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва
Аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі на нарадзе ў Лідзе
"Калі мы знізім энергаёмістасць ВУП у краіне, гэта стане добрым зачынам для таго, каб падтрымаць кошт энерганосьбітаў для насельніцтва на нязменным узроўні", — сказаў Сяргей Сідорскі.
Паводле слоў прэм’ера, важна, каб насельніцтва само беражліва ставілася да выкарыстання рэсурсаў. Для гэтага неабходна больш актыўна праводзіць работу па ўстаноўцы ў кватэрах і індывідуальных дамах прыбораў уліку расходу вады, газу, электраэнергіі.
Цяпер дзяржава аказвае падтрымку насельніцтву па аплаце гэтых рэсурсаў. Кіраўнік урада лічыць, што такі падыход неабходна мяняць: насельніцтва павінна поўнасцю адказваць за зрасходаваныя рэсурсы — тады людзі будуць зацікаўлены ў іх эканоміі.
Прадпрыемствы Беларусі павінны максімальна сканцэнтраваць намаганні на эканоміі энергарэсурсаў.
Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў Лідзе на нарадзе па пытанню "Аб рабоце Лідскага райвыканкама па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта
№ 3 ад 14 чэрвеня 2007 года "Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары забеспячэння эканамічнай бяспекі дзяржавы".
Паводле слоў Сяргея Сідорскага, цяпер галоўная задача прадпрыемстваў — праводзіць мадэрнізацыю вытворчасцяў у самыя кароткія тэрміны, не расцягваючы на доўгія гады. Гэта дасць магчымасць не дапусціць росту кошту энергарэсурсаў унутры краіны.
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даручыў Міністэрству прамысловасці і Міністэрству транспарту і камунікацый прапрацаваць пытанне аб магчымасці стварэння ў Беларусі холдынгу па вытворчасці аўтобусаў.
Як адзначыў Сяргей Сідорскі, наведваючы ВРУП "Доследны завод "Нёман" (г. Ліда, Гродзенская вобл.), цяпер у Беларусі аўтобусы выпускаюцца на заводах Мінска, Ліды і Гомеля. ВРУП "Доследны завод "Нёман" спецыялізуецца на выпуску вялікіх гарадскіх і прыгарадных аўтобусаў. За 7 месяцаў 2007 года іх выпушчана 80 адзінак. Згодна з вытворчым планам прадпрыемства ў 2007 годзе іх будзе выраблена прыкладна 175 адзінак.
У малых і сярэдніх гарадах Беларусі будзе заахвочвацца развіццё прыватнага бізнэсу.
Як адзначыў Сяргей Сідорскі, развіццё малых гарадоў у многім залежыць ад работы мясцовай улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Ён падкрэсліў, што дзяржава стварае прывабныя ўмовы для пашырэння бізнэсу ў такіх гарадах. У прыватнасці, для прадпрыемстваў дзейнічае льготная сістэма падаткаабкладання ў частцы спагнання ПДВ, абаротных падаткаў.
Сяргей Сідорскі таксама звярнуў увагу на неабходнасць развіцця прыдарожнага сэрвісу ў малых і сярэдніх гарадах. Для гэтага ў першую чаргу неабходна спрасціць сістэму інфармавання зацікаўленых грамадзян аб зямельных участках і іншых аб’ектах нерухомай маёмасці, якія прапануюцца да продажу.
"Мы будуем новую эканоміку і павінны ствараць гарадкі новага тыпу з высока рэнтабельнай вытворчасцю. Нарматыўна-прававую базу па развіццю малых і сярэдніх гарадоў мы адпрацавалі добра. Справа за самімі прадпрымальнікамі", — падвёў вынікі Сяргей Сідорскі.
Адтэрміноўка рашэння аб выдзяленні Беларусі расійскага стабілізацыйнага крэдыту ніяк не паўплывала на эканамічны стан краіны. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Ён нагадаў, што Беларусь планавала атрымаць стабілізацыйны крэдыт у сувязі з неабходнасцю дадатковага фінансавання расходаў бюджэту, выкліканых рэзкім павышэннем цэн на расійскія энерганосьбіты ў пачатку года.
Паводле слоў Сяргея Сідорскага, спачатку гэта практычна ўдалося, але затым расійскі бок паставіў шэраг непрымальных для нашай краіны ўмоў, і Беларусь адмовілася прадаўжаць перагаворы ў ліпені. Вырашэнне гэтага пытання было адкладзена да лістапада. Запазычанасць за расійскі газ за першае паўгоддзе было вырашана аплаціць уласнымі сродкамі.
Прэм’ер-міністр абверг думку аб тым, што сродкі расійскага стабілізацыйнага крэдыту маглі б істотна паўплываць на развіццё беларускай эканомікі. "У краіны дастаткова сродкаў, каб аператыўна кіраваць эканамічнымі працэсамі", — падкрэсліў ён. Прырост ВУП у студзені—ліпені 2007 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 8,8 працэнта, павялічылася вытворчасць прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за сем месяцаў склала 13,2 працэнта. Інфляцыя ў ліпені склалася на ўзроўні 0,5 працэнта. "Гэта сведчыць аб тым, што прамысловасць рэалізуе намечаныя праграмы, з месяца ў месяц прыбаўляе эканоміка, расце прадукцыйнасць працы, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва", — канстатаваў Сяргей Сідорскі.
Кіраўнік урада таксама падкрэсліў, што ў Беларусі актыўна рэалізуецца інвестыцыйная праграма. У прыватнасці, у гэтым годзе пабудавана 20 прадпрыемстваў розных галін эканомікі са 100 прадпрыемстваў, запланаваных пабудаваць да 2010 года. За сем месяцаў у эканоміку Беларусі было інвеставана Br12 трлн.
"Такім чынам, ліпеньскія падзеі ніяк не паўплывалі на эканамічны стан Беларусі. Эканоміка краіны яшчэ больш прыбавіла", — рэзюмаваў прэм’ер. "У нас ёсць усе падставы гаварыць, што па выніках дзевяці месяцаў важнейшыя паказчыкі развіцця Беларусі будуць выкананы", — дадаў ён.
Звязда
18 августа 2007