Плацяжы за кватэру ўзраслi ў межах $5
Адразу з пачатку гэтага года ў "жыроўкi" жыхароў былi ўнесены заўважныя змяненнi. Разлiкi за кватэру "пацяжэлi" па некалькiх пазiцыях. У вынiку павышэння расцэнак на энерганосьбiты павялiчылiся i жыллёва-камунальныя плацяжы. Сёлетняя тарыфная палiтыка фармiруецца амаль па сцэнарыю мiнулага года, калi 5-доларавы "лiмiт" быў выкарыстаны поўнасцю. Праўда, тут ёсць i адрозненнi: напрыклад, як паведамiлi карэспандэнту "Звязды" ў Мiнiстэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркi, без змяненняў засталiся плацяжы насельнiцтва за ацяпленне i гарачае водазабеспячэнне. Як i летась, 1 Гкал цяпла цяпер складае 36,3 тысячы рублёў. Праўда, трэба заўважыць, што такi тарыф не дацягвае нават да трэцi рэальных затрат на аказанне гэтай паслугi. Рознiцу памiж сабекоштам i ўзроўнем пакрыцця жыхарамi камунальнiкi мяркуюць кампенсаваць з уласных крынiц (у тым лiку i ў вынiку эканомii), а таксама за кошт бюджэтнага субсiдзiравання.
У адпаведнасцi з пастановай урада тарыф на тэхнiчнае абслугоўванне жылля з 1 студзеня складае 240,3 рубля за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання. Плацяжы за халоднае водазабеспячэнне павышаны да 321,4 руб. за "куб" (дагэтуль — 257,1 руб.), каналiзацыю — 201,6 руб. (122,2 руб.), за вываз i абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў — больш чым 4 тысячы рублёў за 1 куб. м альбо 333,7 руб. з аднаго чалавека ў месяц (дагэтуль — 314,9 руб.), за карыстанне лiфтам — 1184 руб. з чалавека штомесяц (1117 руб.). Пастановай урада вызначана, што ўласнiкi жылых памяшканняў, а таксама члены арганiзацый-забудоўшчыкаў, дамы якiх абсталяваны спецыяльнымi шматтарыфнымi прыборамi ўлiку электрычнай энергii (цi аўтаматызаванымi сiстэмамi яе кантролю i ўлiку), на выбар могуць разлiчвацца за спажытую электраэнергiю, зыходзячы з дыферэнцыяваных па часе альбо "звычайных" тарыфах.
Апошнiя складаюць 116 рублёў за 1 кiлават-гадзiну, а ў тым выпадку, калi ў кватэры ёсць электраплiта, — 84 руб. за 1 Квт/гадз. Дыферэнцыяваны тарыф (калi разлiкi адбываюцца па гэтай методыцы) у перыяд мiнiмальных нагрузак (з 22.00 да 17.00) складае 81,2 руб. за 1 Квт/гадз., максiмальных (з 17.00 да 22.00) — 232 руб. У дамах, абсталяваных электраплiтамi, такiя расцэнкi складуць адпаведна 58,8 i 168 рублёў за 1 кiлават-гадзiну.
Таксама змянiлiся i тарыфы на прыродны i звадкаваны газ. З пачатку студзеня кошт 1 куб. метра прыроднага газу ў жылых дамах i кватэрах, а таксама ў садовых домiках i дачах членаў садаводчых таварыстваў альбо кааператываў (у тым выпадку, калi ўстаноўлены прыборы iндывiдуальнага ўлiку i ёсць газавыя воданагравальнiкi) у ацяпляльны перыяд складзе 172,7 рубля, а ў летнi — 376. Пры адсутнасцi воданагравальнiкаў адпаведныя расцэнкi будуць 166,2 i 462 руб. за "куб". Калi лiчыльнiкаў няма, то пры наяўнасцi газавай плiты i цэнтралiзаванага гарачага водазабеспячэння альбо iндывiдуальнага воданагравальнiка (за выключэннем газавага) штомесячныя плацяжы з аднаго жыхара складуць 3696 рублёў. Калi ёсць газавая плiта i газавы воданагравальнiк (пры адсутнасцi цэнтралiзаванай падачы "цёпленькай"), то адпаведная сума складзе 8648 руб. з чалавека.
Павялiчаны расцэнкi i на звадкаваны газ. Цяпер у жылых дамах i кватэрах, дзе ўстаноўлены спецыяльныя прыборы iндывiдуальнага ўлiку расходу i ёсць газавыя абагравальныя прыборы, у ацяпляльны сезон за 1 куб. метр неабходна выкласцi 2889, 9 руб., а ў летнi — 1025 руб. Для тых жыхароў, якiя не маюць iндывiдуальных лiчыльнiкаў, расцэнкi крыху iншыя. Калi ёсць газавая плiта i цэнтралiзаванае гарачае водазабеспячэнне альбо воданагравальнiк (за выключэннем газавага), то штомесячныя плацяжы за звадкаваны газ на аднаго чалавека складуць 3699 рублёў.
Такiм чынам, пасля студзеньскага павышэння расцэнак на шэраг жыллёва-камунальных паслуг адразу агульнае павелiчэнне разлiкаў жыхароў у сярэднiм дасягнула 5-доларавай мяжы. Як паведамiлi карэспандэнту "Звязды" ва ўпраўленнi эканомiкi Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi, сумарны рост адпаведных плацяжоў у сярэднiм складзе (варта нагадаць, што гаворка iдзе аб налiчэннях за студзень, якiя насельнiцтва будзе вяртаць ужо ў лютым) 10,9 тысячы рублёў, альбо тыя самыя $5. У тым лiку, заўважаюць спецыялiсты, плацяжы за паслугi па тэхнiчным абслугоўваннi жыллёвага фонду, халодным водазабеспячэннi, каналiзацыi, зборы, вывазе i абясшкоджваннi цвёрдых бытавых адходаў, а таксама карыстанню лiфтам узраслi на 2,3 долара, а за электраэнергiю i газ — на 2,7 долара. Паводле ацэнак Мiнжылкамунгаса, пасля павелiчэння тарыфаў узровень пакрыцця насельнiцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг складзе ў сярэднiм 34 працэнты. Цяпер жыхары вяртаюць 41,4 працэнта сабекошту тэхнiчнага абслугоўвання, 30,2 — за цяпло, 42,9 — за халодную ваду, 36 — за каналiзацыю, 44,6 — за вываз смецця, а таксама 33,7 працэнта — за карыстанне лiфтам.
Рост расцэнак, якi б ён нi быў — не надта прыемная навiна для жыхароў. Ужо ў лютым кожны з нас атрымае "жыроўкi", разлiчаныя па "свежых" тарыфах. Паводле нашых разлiкаў (зробленых з дапамогай спецыялiстаў упраўлення эканомiкi Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi), у сярэднiм набор жыллёва-камунальных паслуг для стандартнай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 32 кв. метры, дзе пражываюць два чалавекi, "пацягне" на 88,6 тысячы рублёў у ацяпляльны i 57 тыс. рублёў — у летнi. За двухпакаёўку (48 кв. метраў, 3 чалавекi) трэба вылажыць адпаведна 132,9 i 85,5 тысячы рублёў, а за трохпакаёўку (69 кв. м, 4 чалавекi) — 184,6 i 116,4 тыс. Яшчэ раз нагадваем нашым чытачам, што даныя, якiя мы прыводзiм, з’яўляюцца, хутчэй, разлiковымi i ў кожным канкрэтным выпадку могуць быць адхiленнi ў той цi iншы бок.
Разлiкi за кватэру, асаблiва пасля павышэння, даволi важкiя для шэрагу жыхароў. Таму далейшае павелiчэнне тарыфаў, як адзначаюць спецыялiсты, проста немэтазгоднае. Без улiку рэальнай сiтуацыi такi крок можа, хутчэй, прывесцi да росту неплацяжоў. Дарэчы, сем’ям, для якiх плацяжы за кватэру больш за вызначаную "рысу" (20 працэнтаў сукупнага даходу гарадскiх сем’яў i 15 працэнтаў — вяскоўцаў) налiчваецца безнаяўная жыллёвая субсiдыя. Таму калi набягаюць непад’ёмныя сумы, то варта звяртацца па дзяржаўную дапамогу.
Мiкалай ЛIТВIНАЎ.
Звязда
30 декабря 2008