ПРАЦЭС ПАЙШОЎ. ЦЯПЕР ПАТРЭБНА ФIНАНСАВАЯ ПАДТРЫМКА

Toto (Admin)
Site Admin
Сообщений: 4126
Зарегистрирован: Вс янв 28, 2007 8:41 pm
Откуда: Минск
Контактная информация:

ПРАЦЭС ПАЙШОЎ. ЦЯПЕР ПАТРЭБНА ФIНАНСАВАЯ ПАДТРЫМКА

Сообщение Toto (Admin) » Пт авг 24, 2007 11:04 am

Яшчэ год таму работа камунальных службаў Мiнскай вобласцi выклiкала шмат нараканняў — i з боку спажыўцоў iх паслуг, жыхароў рэгiёна, i з боку выканаўчай «вертыкалi». Крытыкаваў дзейнасць камунальнiкаў сталiчнай вобласцi кiраўнiк дзяржавы.

Цяпер сiтуацыя змянiлася. Сёлета за 6 месяцаў службы здолелi скарацiць колькасць скаргаў i зваротаў грамадзян па пытаннях ЖКГ на 37 працэнтаў i паралельна вывесцi большасць сваiх прадпрыемстваў на бясстратную дзейнасць (для параўнання: год таму стратных прадпрыемстваў ЖКГ у Мiнскай вобласцi было 5, зараз — адно). Сёння старшынi выканкамаў i Саветаў дэпутатаў усiх узроўняў, гаворачы аб камунальных службах, прыводзяць сталiчную вобласць у якасцi станоўчага прыкладу арганiзацыi работы i аказання паслуг насельнiцтву. Мы пацiкавiлiся, як абласныя камунальнiкi ажыццяўляюць на практыцы рэалiзацыю Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 12 студзеня 2007 года № 21 «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва», а дакладней падпункта 8.2 пункта 8, якi датычыцца правядзення iнвентарызацыi i перадачы на баланс спецыялiзаваных арганiзацый сiстэм водазабеспячэння i водаадводу, дарог сельскiх населеных пунктаў i iншых аб’ектаў нерухомай маёмасцi. Па iнфармацыю мы звярнулiся да генеральнага дырэктара Мiнскага абласнога ўнiтарнага прадпрыемства «Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркi» Аляксандра ЖУРАЎСКАГА.

— Да 1 чэрвеня ў Мiнскай вобласцi iнвентарызацыя была завершана, — адзначыў Аляксандр Бранiслававiч. — У ходзе яе правядзення абследавалi ўсе ўнутрыгаспадарчыя дарогi, вулiцы, транзiтныя праезды ў сельскiх населеных пунктах. Iнвентарызацыя паказала, што сёння ў распараджэннi сельвыканкамаў вобласцi знаходзiцца 6504 км вясковых вулiц. Упэўнены, што для выканання падпункта 8.2 пункта 8 Указа № 21 нам неабходна аднесцi гэтыя вулiцы да мясцовых дарог з фiнансаваннем iх утрымання за кошт сродкаў рэспублiканскага дарожнага фонду. Паводле прыблiзных падлiкаў, на ўтрыманне вулiц i дарог у сельскiх населеных пунктах вобласцi неабходна затрацiць 42,5 млрд рублёў.

Згодна з Указам, мы абследавалi ўсе аб’екты водаканалiзацыйнай гаспадаркi (ВКГ), правялi ацэнку iх тэхнiчнага стану. Фiзiчны знос сёння складае 70—80 працэнтаў, а ў некаторых выпадках i ўсе сто.

— Адна з тыповых праблем, з якой сутыкаюцца спецыялiзаваныя службы падчас прыёмкi на баланс сiстэм ВКГ, — адсутнасць адпаведнай дакументацыi на гэтыя аб’екты...

— У нас такое назiраецца ў 80 працэнтах выпадкаў. Адсутнiчаюць тэхнiчныя пашпарты, выканаўчыя схемы, акты землекарыстання, праекты зон санiтарнай аховы i iнш.

— Як у такой сiтуацыi ажыццяўляецца працэс перадачы на баланс?

— Выйсцi два: знайсцi грошы, аформiць дакументацыю i перадаць аб’ект нам альбо проста заключыць з эксплуатуючай арганiзацыяй дагавор на абслугоўванне.

— На пасяджэннi «круглага стала», прысвечанага абмеркаванню праблем рэалiзацыi Указа № 21, якi прайшоў на пачатку лiпеня ў Савеце Рэспублiкi, мiнiстр жыллёва-камунальнай гаспадаркi Уладзiмiр Белахвостаў прывёў прыклад, што ў некаторых рэгiёнах пры адсутнасцi дакументацыi аб’екты ВКГ перадаюцца па акту прыёмкi, якi адначасова з’яўляецца i дэфектным актам. Вы ў сябе такую схему практыкуеце?

— Пакуль не, аднак iдэя слушная. Мы возьмем яе на ўзбраенне. Будзем прымаць на баланс аб’екты па дэфектнаму акту, але — з улiкам спагнання грашовых сродкаў з выканкамаў цi закладання адпаведных сум у мясцовы бюджэт на наступны год.

Паводле вынiкаў iнвентарызацыi, раённымi выканкамамi вобласцi былi сфармiраваны спiсы перадаваемых аб’ектаў ВКГ. У 593 населеных пунктах нам трэба прыняць на баланс 634 артэзiянскiя свiдравiны, 1030,3 км водаправодных i 110,3 км каналiзацыйных сетак, 233 ваданапорныя вежы, 37 каналiзацыйных помпавых станцый, 27 адзiнак ачышчальных збудаванняў. Для прывядзення ўсiх гэтых аб’ектаў у працоўны стан неабходна затрацiць каля 11,5 млрд рублёў. Акрамя таго, на iх утрыманне патрэбна будзе расходаваць 24,6 млрд рублёў у год. Пакуль што на рамонт i рэканструкцыю сетак ВКГ нам не выдаткавана нi капейкi. Думаю, уся справа ў тым, што на бягучы год у мясцовыя бюджэты пад правядзенне дадзеных работ сродкi не закладвалiся.

— Увогуле, на якiм этапе сёння працэс перадачы на баланс аб’ектаў ВКГ у вобласцi?

— Працаваць у гэтым накiрунку мы пачалi з красавiка. Пакуль што падрыхтавалi да прыёмкi 6 свiдравiн. У асноўным работа вядзецца па афармленню дакументацыi. Iснуюць зацверджаныя графiкi, згодна з якiмi мы i працуем. Спяшацца тут нельга. Пра гэта неаднаразова гаварыў i Прэзiдэнт краiны.

— Вы ўзгадвалi, што ў шэрагу выпадкаў фiзiчны знос мяркуемых для перадачы аб’ектаў складае сто працэнтаў, аднак, паводле iснуючых нормаў, перадаваць на баланс можна толькi аб’ект у тэхнiчна спраўным стане. У былых гаспадароў (СВК) на рамонт сiстэм ВКГ часта няма сродкаў. Якое выйсце?

— Калi ў населеным пункце мяркуецца адкрыццё аграгарадка, мы там перакладаем сеткi ВКГ за свае сродкi. У адваротным выпадку выходзiм з прапановай да мясцовых уладаў закласцi ў бюджэт на наступны год сродкi на рамонт сетак для далейшай iх перадачы. Акрамя таго, на ўзроўнi раёна ў бюджэце прадугледжаны асобны расходны артыкул — на капiтальны рамонт сетак ВКГ у сельскай мясцовасцi.

— Многiя СВК тармозяць працэс перадачы аб’ектаў ВКГ, якiя пакуль што знаходзяцца ў iх на балансе, па прычыне высокiх тарыфаў на ваду. Пасля перадачы свiдравiн камунальным службам кошт вады для сельгаспрадпрыемстваў павялiчваецца ў 5—10 разоў. Вы сутыкаецеся з падобным супрацiўленнем?

— Мы не ставiм перад сабой задачы прымаць на баланс аб’екты, «завязаныя» на вытворчасцi. Гаворка iдзе пра тыя сiстэмы ВКГ, якiя абслугоўваюць насельнiцтва. Тут у нас вызначылася iншая праблема. Вясковыя жыхары з савецкiх часоў не прывучаны плацiць за ваду i каналiзацыю i цяпер усiмi сiламi супрацiўляюцца ўстаноўцы лiчыльнiкаў. Яны не разумеюць, чаму цяпер трэба плацiць за ваду, калi заўсёды яна была бясплатнай. Гэта праблема менталiтэту, i вырашаць яе трэба агульнымi намаганнямi на ўзроўнi дзяржавы.

— Вы сказалi, што ў вобласцi сёння 6504 км вулiц сельскiх населеных пунктаў i што больш эфектыўным будзе перадаць iх на баланс дарожным службам...

— Безумоўна. У нас няма спецыялiзаванай тэхнiкi. Нават у аграгарадках, дзе мы ствараем участкi ЖКГ i дзе павiнны абслугоўваць у тым лiку i вулiцы, мы пакуль не маем нi тэхнiкi, нi квалiфiкаваных спецыялiстаў. Па аб’ектыўных прычынах мы сёння не гатовыя абслугоўваць дарогi ў сельскай мясцовасцi.

— Перадача на баланс сiстэм ВКГ прывядзе да значнага павелiчэння вашых асноўных фондаў. Цi прадугледжваецца ў сувязi з гэтым пашырэнне штату?

— Я лiчу, што ў гэтым няма неабходнасцi. У нас iншая задача: да канца года атрымаць лiцэнзii на ўсе вiды паслуг, якiя мы аказваем насельнiцтву, правесцi падрыхтоўку кадраў. На практыцы гэта павысiць якасць нашай працы i дазволiць узняць рэнтабельнасць. Мы паставiлi перад сабой мэту — да канца года вывесцi ўсе свае 42 прадпрыемствы на бясстратнасць. Упэўнены, мы гэтага дасягнем.

— Што вы назавяце галоўнай праблемай жыллёва-камунальнай гаспадаркi?

— Яна агульнавядомая — неплацяжы насельнiцтва. Прыкладна 52 працэнты неплацельшчыкаў — гэта працуючыя i працаздольныя грамадзяне. Плюс — запазычанасцi прадпрыемстваў. Нашы службы распрацавалi новыя эфектыўныя метады барацьбы з неплацельшчыкамi, але гэта ўжо нагода для асобнага iнтэрв’ю.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА.
Звязда
1 августа 2007

Вернуться в «Коммунальные услуги; капитальный ремонт»

Кто сейчас на форуме

Количество пользователей, которые сейчас просматривают этот форум: нет зарегистрированных пользователей и 2 гостей

cron

Rambler's Top100 Rambler'sTop100 Рейтинг агентств недвижимости портала Realt.by