Аддам воданапорную вежу ў добрыя рукi

Toto (Admin)
Site Admin
Сообщений: 4126
Зарегистрирован: Вс янв 28, 2007 8:41 pm
Откуда: Минск
Контактная информация:

Аддам воданапорную вежу ў добрыя рукi

Сообщение Toto (Admin) » Пт авг 17, 2007 1:14 pm

Жыллёвы фонд i адпаведная iнжынерная iнфраструктура, сеткi цепла- i водазабеспячэння ў сельскай мясцовасцi, якiя раней знаходзiлiся на абслугоўваннi арганiзацый Мiнсельгасхарча або iншых ведамстваў i, адпаведна, iм належалi, зараз перадаюцца на баланс гарадскiх i раённых ЖКГ. Разам з абавязкамi забяспечваць вяскоўцаў неабходнымi паслугамi цэнтральным камунальным службам «у спадчыну» дастаюцца сельскiя аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркi, матэрыяльна-тэхнiчны стан якiх нельга назваць добрым.

Такiм чынам, работы раённым камунальнiкам прыбавiлася. Акрамя ранейшай дзейнасцi, яны зараз яшчэ будуць выконваць i абавязацельствы па стварэнню для вясковага жыхара камфортных умоў, вырашэнню ўсiх праблем па рамонту i мадэрнiзацыi, утрыманню сельскiх кацельняў, сетак, каналiзацый, водаправодаў, жылля, якое належала раней мясцовым гаспадаркам.

Мiнiстр жылкамунгаса Уладзiмiр Белахвостаў прызнае: каб камунальнае ўтрыманне вясковага сектара знаходзiлася на высокiм узроўнi, трэба прыцягнуць значныя фiнансавыя ўкладаннi:

— Мы лiчым, што ранейшыя гаспадары не могуць правесцi рэканструкцыю i перакладку камунальных сетак у сельскай мясцовасцi ўласнымi сiламi. Калi б яны былi ў стане зрабiць усё па-новаму, то i далей маглi б эксплуатаваць сваю ўласнасць, i знiкла б неабходнасць перадачы iнфраструктуры вясковай жыллёва-камунальнай гаспадаркi нам. Сёння ў арганiзацыях Мiнсельгасхарча адсутнiчаюць сродкi для таго, каб лiквiдаваць недахопы, яны не маюць магчымасцi прафiнансаваць работы па рэканструкцыi аб’ектаў, якiя перадаюцца на баланс жылкамунгасаў. Мы гэта цудоўна разумеем i прымаем увесь фонд у тым стане, якi ёсць на момант перадачы, — каментуе мiнiстр. — Са свайго боку наша ведамства падлiчвае выдаткi, якiя спатрэбяцца на рамонт i мадэрнiзацыю сельскiх жыллёвых аб’ектаў, будынкаў i iнжынернай iнфраструктуры, пасля чаго мы будзем ставiць пытанне аб дадатковым фiнансаваннi ўсiх работ з бюджэту краiны. Канешне, праблема вырашыцца не за адзiн дзень.

Мiж тым, як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам газеты Уладзiмiр Белахвостаў, перад ажыццяўленнем перадачы колiшнiя ўласнiкi не вызваляюцца ад правядзення дробнага рамонту. «Замена засавак, чыстка калодзежаў, стварэнне праектнай дакументацыi i схем, iншыя невялiкiя работы павiнны праводзiцца ранейшымi гаспадарамi. Гэтыя пытаннi цалкам знаходзяцца на iх адказнасцi», — падкрэслiвае ён. Колькi ж спатрэбiцца сродкаў для таго, каб прывесцi ў парадак перададзеныя аб’екты, зараз вызначаецца. Для кожнай вобласцi i раёна сумы, неабходныя для правядзення капiтальнага i цякучага рамонту, адрознiваюцца. Аднак вiды работ, якiя трэба будзе зрабiць, амаль аднолькавыя. I адзiн з асноўных — наладжванне сiстэмы забеспячэння сельскай мясцовасцi вадой. У агульным для Беларусi малюнку iснуючая сетка вясковых водаправодаў i водазабораў (там, дзе яны ёсць) амаль зношана, i таму патрабуе неадкладнай рэканструкцыi.

— Перш-наперш мы павiнны наладзiць для жыхароў сельскай мясцовасцi якасную сiстэму водазабеспячэння. Для гэтага патрабуецца стварыць новыя свiдравiны, таму што старыя знаходзяцца ў не вельмi добрым стане. На некаторых iснуючых водазаборах у сельскай мясцовасцi яны прасвiдраваны на глыбiнi 50—60 метраў, але калi ўлiчваць, што свiдравiна выпрацавала свой тэрмiн, то новую трэба рабiць ужо на глыбiнi 100 метраў, — тлумачыць намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Анатоль Мiрчук. — Для вырашэння праблемы ў адным з падраздзяленняў упраўлення жылкамунгаса вобласцi мы ствараем працуючы ўчастак, якi будзе займацца стварэннем свiдравiн для пiтной вады. Акрамя таго, прадпрыемству «Аблаграсэрвiс» дадзена даручэнне арганiзаваць брыгады па рамонту водаправодных сетак i воданапорных вежаў у той мясцовасцi, дзе аб’екты яшчэ не перададзены на баланс ЖКГ i знаходзяцца на абслугоўваннi сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, калгасаў i саўгасаў.

Паводле iнфармацыi Анатоля Мiрчука, больш за 85 працэнтаў водаправодных сетак ужо выпрацавалi тэрмiн амартызацыi, ёсць праблемы i з каналiзацыяй. Таму кожны год на Мiншчыне праводзiцца iнвентарызацыя гэтага фонду, пасля чаго на мадэрнiзацыю найбольш «уражваючых» месцаў накiроўваюцца матэрыяльныя рэсурсы. «Наша задача заключаецца ў тым, каб вясковец, якi прыйшоў з працы, ведаў, што ў яго хаце ёсць вада, цяпло i працуючая каналiзацыя, i нiякiх цяжкасцяў з атрыманнем камунальных паслуг у яго не ўзнiкне, — кажа Анатоль Мiрчук. — Да таго мы i распрацавалi праграму «Чыстая вада», згодна з якой у вобласцi будуць з’яўляцца новыя водазаборы, ачышчальныя станцыi. Не так даўно ў вобласцi пачаў працаваць завод па вырабу папярэдне iзаляваных труб, таму зараз перакладка цепласетак будзе праходзiць хутка».

Стратэгiя галiновага мiнiстэрства, такiм чынам, прынята да выканання, але ў рознай мясцовасцi яна ажыццяўляецца згодна з эканамiчнымi асаблiвасцямi рэгiёна. Напрыклад, у Нясвiжскiм раёне камунальнiкi прымаюць да сябе жыллёвы фонд калгасаў толькi пасля таго, як гаспадарка выплацiць iм усе выдаткi на рамонт.

— Сярод iншых аб’ектаў мы ўжо дастаткова доўгi час абслугоўваем 27 шматпавярховых дамоў, якiя знаходзяцца ў аграгарадку «Сноў». Праблема была ў тым, што раней рамонт там не праводзiўся. Мы ж замянiлi тры тысячы метраў даху, адрамантавалi восемдзесят працэнтаў пад’ездаў, пераклалi 800 метраў цеплатрасы сучаснымi пi-трубамi. Акрамя таго, адмовiлiся ад набыцця палiва. Зараз газ паступае жыхарам аграгарадка з кацельнi, што знаходзiцца ў Снове. Такiм чынам, раён сам прадае цяпло сваiм жыхарам, i гэта выгадна ўсiм, — распавядае намеснiк генеральнага дырэктара РУП «Нясвiжская ЖКГ» Эдуард Гнядзько. — Дарэчы, жыллёвы фонд сельскай мясцовасцi мы прымаем на абслугоўванне толькi тады, калi гаспадаркi заплацяць нам грошы за правядзенне ўсiх неабходных работ. Спачатку складаецца каштарыс, падлiчваюцца выдаткi, якiя спатрэбяцца для рэканструкцыi iнфраструктуры i жылля, а ўжо затым мы пераводзiм аб’екты на свой баланс. Зараз вядуцца перамовы наконт перадачы жылля ў сельскай мясцовасцi, якое належыць аднаму з прадпрыемстваў раёна. Кошт усiх неабходных аднаўленчых мерапрыемстваў складзе 650 мiльёнаў рублёў. Як толькi арганiзацыя пералiчыць нам гэтыя сродкi, мы прыступiм да сваiх абавязкаў.

— А бясплатна вы не можаце прыняць вясковы жыллёвы фонд?

— Не, гэта несур’ёзна. Да таго ж, гаспадаркi нашага раёна заўсёды знаходзяць крынiцы, каб заплацiць нам за выкананне работ. Перавод на баланс жылкамунгаса будзе паступова праходзiць i ў будучым. Карысць тут вiдавочная, таму што мы з’яўляемся спецыялiзаванымi арганiзацыямi. А СВК часам складана выканаць неабходныя работы.

— У некаторых рэгiёнах Беларусi падчас перадачы вясковага жыллёвага фонду могуць пачацца праблемы з водазабеспячэннем, у прыватнасцi, шматпавярховых дамоў сельскага сектара. Вашы жыхары адчулi аналагiчныя цяжкасцi?

— Вады ў нашым раёне няма толькi ў тых кватэрах, жыхары якiх не плацяць за паслугi. Але такога амаль не здараецца. Перад тым як прыняць да сябе на абслугоўванне сельскiя аб’екты, мы праводзiм iх даследаванне. Выязджае спецыяльная камiсiя, якая высвятляе ўсе асаблiвасцi матэрыяльна-тэхнiчнага стану аб’екта. Калгас павiнен самастойна скласцi i прадставiць нам схемы, дакументы, каштарысы будучых работ, карацей кажучы, усю неабходную iнфармацыю наконт стану сетак i фонду.

Людзi, якiя жывуць у шматпавярховых дамах, звычайна працуюць у мясцовай гаспадарцы, якая самастойна павiнна знайсцi магчымасць, каб пагасiць запазычанасць за паслугi. Калi жыхар не плацiць за камуналку, гаспадарка можа вылiчыць гэтыя сродкi з яго заработнай платы. I толькi калi запазычанасцi знiкнуць, мы будзем прымаць на баланс сельскi жыллёвы фонд з усiмi iнжынернымi сiстэмамi.

Але так адбываецца не ва ўсiх раёнах краiны. Уладзiмiр Белахвостаў расказаў, што ёсць прыклады таго, што ў кватэрах пачынаюцца праблемы з водазабеспячэннем, i гэта звязана з матэрыяльным i тэхнiчным бакамi пытання перадачы аб’ектаў. Дарэчы, як лiчыць генеральны дырэктар РУП «Нясвiжская ЖКГ» Пётр Кулiк, жылкамунгас не павiнен прымаць на абслугоўванне i выконваць у вёсцы ўсе работы цалкам. «Ёсць яшчэ i сельскi Савет, i гаспадары дамоў, якiя таксама абавязаны валодаць праблемай, «хварэць за справу». Iм неабходна актыўна ўдзельнiчаць, у прыватнасцi, у добраўпарадкаваннi жылля i навакольнай тэрыторыi. А перагружаць прадпрыемствы ЖКГ работай, якую можна зрабiць самастойна, не зусiм правiльна», — выказвае сваё меркаванне спецыялiст.

Ёсць i яшчэ адна праблема, пра якую работнiкi жылкамунгасаў краiны стараюцца пакуль не вельмi ўзгадваць, бо не наспеў час. Але па iх падлiках, у сувязi з паступовым памяншэннем колькасцi персаналу галiны праз некалькi гадоў ЖКГ можа не справiцца з абслугоўваннем усiх аб’ектаў, калi ўлiчваць, што iх колькасць пастаянна расце менавiта за кошт прыняцця сельскага жыллёвага фонду i адпаведнай iнфраструктуры.

Дзмiтрый АЛЬФЕР.

Звязда
6 июня 2007

Вернуться в «Коммунальные услуги; капитальный ремонт»

Кто сейчас на форуме

Количество пользователей, которые сейчас просматривают этот форум: нет зарегистрированных пользователей и 5 гостей

cron

Rambler's Top100 Rambler'sTop100 Рейтинг агентств недвижимости портала Realt.by