Грамадзянам кампенсуюць кошт уласнага жылля, перададзенага дзяржаве ўзамен службовага
У Беларусi кампенсуюць кошт жылля, якое належала грамадзянам або членам iх сем’яў, i перададзенага на бязвыплатнай аснове дзяржаве пры набыццi iмi ва ўласнасць службовага жылога памяшкання. Гэта значыць, з належнага да выплаты кошту службовага жылога памяшкання, якое атрымлiваецца ва ўласнасць, будзе вылiчаны кошт жылога памяшкання, бязвыплатна перададзенага грамадзянамi. Такая норма змешчана ва Указе Прэзiдэнта Беларусi № 612 ад 4 снежня.
Дакументам канкрэтызаваны выпадкi i правiлы атрымання ва ўласнасць на бязвыплатнай аснове службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, што да 1 студзеня 2008 года дазволена некаторым катэгорыям грамадзян.
Пры наяўнасцi роўных умоў устаноўлены роўныя правы на атрыманне службовага жылля ва ўласнасць як для наймальнiкаў гэтых памяшканняў, звольненых з арганiзацыi, што прадаставiла службовае жыллё, так i для наймальнiкаў, якiя прадаўжаюць працаваць у гэтай арганiзацыi. Роўныя правы прадастаўлены таксама членам сям’i памерлага наймальнiка службовага жылога памяшкання (грамадзянскай асобы), якiя маюць такое права на падставе Указа № 128 ад 19 сакавiка 2007 года, i членам сям’i ваенннаслужачага не толькi загiнулага, але i памерлага.
Пры гэтым забаронена перадача ва ўласнасць грамадзянам службовых жылых памяшканняў у будынках, выдзеленых для размяшчэння органаў i падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях, на тэрыторыi нацыянальных паркаў i запаведнiкаў, у жылых дамах, размешчаных на зямельных участках, прадастаўленых Галоўнаму ўпраўленню па абслугоўванню дыпламатычнага корпуса i афiцыйных дэлегацый "Дыпсэрвiс". Гэта датычыцца i службовага жылля, якое знаходзiцца ў веданнi галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымi войскамi Мiнiстэрства ўнутраных спраў, у санаторыi Камiтэта дзяржаўнай бяспекi, а таксама пабудаванага за кошт сродкаў iнвестыцыйнай праграмы.
Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Звязда
6 декабря 2007