НА КАНТРОЛI ЎЛАДЫ
Больш года прайшло пасля выхаду Указа Прэзiдэнта Беларусi ад 7 лютага 2006 года № 87 «Аб некаторых мерах па скарачэнню незавершаных будаўнiцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач». Ён пачаў дзейнiчаць 1 красавiка мiнулага года. Наколькi эфектыўна? З якiмi праблемамi сутыкаюцца на месцах тыя, хто будуе iндывiдуальнае жыллё? Аб выкананнi патрабаванняў Указа на Вiцебшчыне мы папрасiлi расказаць старшынь сельскiх Саветаў.
Паводле слоў старшынi Кастрычнiцкага сельскага Савета Вiцебскага раёна Валерыя Чалнакова, незавершаных будаўнiчых аб’ектаў на тэрыторыi Савета ў мiнулым годзе не было. «Як i прадугледжана дакументам, мы праводзiм работу па выяўленню недабудаваных i незакансерваваных жылых дамоў, дач. Грамадзяне абавязаны завяршыць усе работы, у тым лiку i ўзгадненнi з рознымi iнстанцыямi, напрыклад, з пажарнай аховай, на працягу максiмум 3,5 года з моманту атрымання дакумента аб пасведчаннi дзяржаўнай рэгiстрацыi права прыватнай уласнасцi альбо пажыццёвага атрыманага ў спадчыну ўладання на зямельны ўчастак. Тэрмiн будаўнiцтва ў некаторых выпадках можа быць падоўжаны мясцовымi ўладамi, але ж не больш чым на адзiн год з улiкам матэрыяльнага становiшча грамадзянiна...
У нас такiх выпадкаў няма. Людзi летась пабудавалi каля 20 iндывiдуальных дамоў, у тым лiку i з выкарыстаннем iльготнага крэдытавання. Здалi ў эксплуатацыю 60-кватэрны кааператыўны жылы дом... За незавершанае будаўнiцтва прадугледжаны падаткi, якiя трапляюць у бюджэт прадстаўнiчай улады. Яшчэ i таму за гэтым пытаннем кантроль асаблiвы...»
Старшыня Лепельскага сельскага Савета Лепельскага раёна Адам Ташлiковiч, адказваючы на пытаннi па гэтай тэме, адзначыў, што пасля выхаду Указа Прэзiдэнта тры сям’i звярнулiся з просьбай даць дазвол на працяг будаўнiцтва. А сярод сапраўдных «даўгабудаў» такiя, што забудоўваюцца па 5, 7 i нават 10 гадоў...
«Сумленным забудоўшчыкам, якiя гатовы выканаць усе патрабаваннi Указа, мы пайшлi насустрач. Разумеем, што будаўнiцтва — справа цяжкая: i грошай не заўсёды своечасова хапае, ды i шмат iншых праблем можа ўзнiкнуць. Калi падлiчыць, колькi ў нас каштуе дом прыватны пабудаваць, мiльёнаў пад трыццаць атрымлiваецца! Канешне, гэта шмат.
Таму вельмi актуальныя патрабаваннi кiраўнiка дзяржавы аб панiжэннi кошту будаўнiцтва. Да разгляду ў судовым парадку ў нашым Савеце яшчэ не даходзiлi, бо Указ дзейнiчае параўнальна нядаўна, таму час завяршыць будаўнiцтва ў людзей ёсць... Яшчэ некалькi iндывiдуальных дамоў на нашай адмiнiстрацыйнай тэрыторыi фактычна пабудаваныя, але ж не атрыманы дазволы на засяленне з боку санстанцыi, пажарных i iншых службаў.
Вядзём актыўную асветнiцкую работу з тымi, хто атрымлiвае дамы ў спадчыну. Канешне, прасцей атрымаць участак ды перавесцi туды ўжо пабудаваны дом, даць яму рамонт, зрабiць дабудову. Альбо непасрэдна на месцы «перапланаваць» дом. Будынак, якi не эксплуатуецца, можна набыць i за 1 тысячу i за 1,5 тысячы ўмоўных адзiнак. Добраўпарадкаваць тэрыторыю, запрасiць будаўнiкоў альбо самiм зрабiць такi стары дом сучасным.
Тыя, хто маюць права, атрымлiваюць так званае службовае жыллё: за два гады такiм чынам каля 50 дамоў пабудаваны для работнiкаў сельгаспрадпрыемстваў. З’яўляюцца яны ў аграгарадках, што актыўна развiваюцца. Людзi паралельна i наваселлi спраўляюць, i добра развiтыя паслугi ад дзяржавы атрымлiваюць: ФАПы, крамы, школы i г.д. у аграгарадках, як вядома, рэканструююцца. Таму людзi «адбудоўваюцца» такiм чынам «бясплатна», разам з вёскай, пасёлкам. I двойчы адчуваюць дзяржаўны клопат».
Падрыхтаваў Аляксандр ПУКШАНСКI.
Звязда, 27 марта 2007