На вопросы о земле отвечает Председатель Госкомимущества

Toto (Admin)
Site Admin
Сообщений: 4126
Зарегистрирован: Вс янв 28, 2007 8:41 pm
Откуда: Минск
Контактная информация:

На вопросы о земле отвечает Председатель Госкомимущества

Сообщение Toto (Admin) » Пт июн 15, 2007 12:25 pm

Зямельнае пытанне патрабуе сур’ёзнага падыходу

Па тэматыцы, звязанай з зямельнымі і маёмаснымі адносінамі, па тэме рэгістрацыі нерухомай маёмасці і механізму продажу зямельных участкаў чытачам «Звязды» адказвае старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Георгій КУЗНЯЦОЎ.

— Недзе месяц таму дэпутаты ў парламенце краiны разглядалi новую рэдакцыю Кодэкса аб зямлi. Чула ад суседзяў, што па гэтаму дакументу зямельны падатак для фiзiчных асоб у населеных пунктах iстотна павялiчыцца. Няўжо гэта праўда?

Святлана МУРАШКА,
г. Клецк.


— Зямельны кодэкс не разглядае пытаннi падатку на зямлю. Узровень зямельнага падатку разглядаецца асобнымi артыкуламi заканадаўства. Пакуль гэта пытанне ў кодэксе не разглядаецца.

— Цi прадугледжана iстотнае павелiчэнне зямельнага падатку сёлета?

— Не. У сувязi з паказчыкамi iнфляцыi яго памер сёлета ў параўнаннi з мiнулым годам павялiчыцца толькi на 8 працэнтаў.

— Чула, што вашы спецыялiсты рыхтуюць спiсы жылых дамоў, у якiх нiхто не жыве. Мы з мужам свайго жылля не маем, здымаем кватэру, але грошай для куплi кватэры ў сталiцы няма. Можа мы купiлi б у прыгарадзе стары дом у дрэнным стане? Дзе можна пазнаёмiцца з падрыхтаванымi спiсамi?

Людмiла КАЛЕСНIКАВА,
г. Мiнск


— Такiя спiсы павiнны ўжо быць створаны мясцовымi раённымi ўладамi пры дапамозе ў тым лiку i нашых спецыялiстаў. Рэгiстры пустых дамоў ствараюцца згодна з дзеяннем Указа кiраўнiка дзяржавы № 70, якi ўступiў у сiлу летась. Спiсы пустога жылля i дамоў у вельмi дрэнным стане знаходзяцца ў Мiнскiм райвыканкаме.

— Мы хочам выбраць пусты дом, каб потым адрамантаваць i жыць. Калi можна будзе купляць такiя дамы?

— Па продажу такой нерухомасцi ёсць два варыянты. Калi дом будзе прызнаны старым i безгаспадарчым, то яго будзе прадаваць мясцовы орган улады. Такiя дамы патрабуюць капiтальнага рамонту, на што неабходна мець iстотныя фiнансавыя сродкi. Ёсць проста вельмi старыя дамы ў вельмi дрэнным стане. На такую нерухомасць ёсць уласнiкi, але яны не даглядаюць жыллё. Па такiх аб’ектах мясцовыя органы ўлады могуць прымаць рашэнне аб iх зносе.

Спадарыня Людмiла, дам вам слушную параду: у вёсках вакол Мiнска такога дома вы ўжо не знойдзеце. У апошнiя гады ўсе старыя дамы ў прыгарадзе сталiцы былi прададзены i перапрададзены па некалькi разоў. З вашымi невялiкiмi фiнансавымi магчымасцямi шукайце такiя дамы ўжо на большай адлегласцi ад Мiнска.

— Ад бацькоў мужа ў нас застаўся гараж у Лепелi. Гараж быў куплены даўно без дакументаў. Бацькi памерлi. Гараж знаходзiцца ў гаражным масiве, за яго спраўна плацiлi зямельны падатак i за святло.
Марына ГАЛКО, г. Вiцебск.


— Вам зараз трэба ўзяць даведку з гаражнага кааператыва, кiраўнiцтва якога ведае, што гараж належыць вашай сям’i. На падставе даведкi трэба заказаць правядзенне iнвентарызацыi памяшкання. Потым гэты аб’ект трэба зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру. Пасля гэтага гараж можна прадаваць.

— Калi будуць праведзены першыя аўкцыёны па продажы зямельных участкаў у Мiнскiм раёне i ўвогуле недалёка ад сталiчнага мегаполiса? На якiх умовах будзе весцiся такi продаж?

Аляксандр РАЗАНЦАЎ,
г. Мiнск


— Наш камiтэт гэтае пытанне не вырашае. Рашэнне на аўкцыёнах прымаюць раённыя ўлады або кiраўнiцтва сельскiх Саветаў. Зараз распрацавана палажэнне аб парадку правядзення аўкцыёнаў, якое сёння яшчэ не прынята. У праект палажэння былi ўнесены змяненнi. Гэты дакумент прымае Савет Мiнiстраў краiны па ўзгадненню з Прэзiдэнтам Беларусi. Праект пастановы зараз цалкам падрыхтаваны i максiмум праз тыдзень дакумент будзе мець юрыдычную сiлу. Адразу пасля гэтага мясцовыя ўлады будуць мець магчымасць арганiзоўваць продаж зямельных участкаў для будаўнiцтва і абслугоўвання жылога дома.

— Купiла хату ў гаспадынi ў лiстападзе 2006 года. Хата была вельмi старой, а зараз я адрамантавала яе. Хачу дакументальна аформiць дом, але зрабiць гэта вельмi цяжка, бо ўласнiца жыве ў г. Маладзечне. Былая ўласнiца перадала мне ўсе дакументы на дом. Цi можна зараз аформiць дом па спрошчанай схеме, бо ён быў пабудаваны прыкладна ў 30-я гады? Праблема заключаецца яшчэ ў тым, што, згодна з дакументамi, дом аформлены на iмя брата жанчыны, якая прадала дом, а ён памёр чатыры гады таму.

Алена АЛЕЖКА, вёска Брылькi Валожынскага раёна.


— Гэтую задачу можна вырашыць двума спосабамi. Згодна з першым варыянтам, прадавец нерухомасцi павiнен аформiць дом у спадчыну на сябе, пасля чаго можна афармляць здзелку куплi-продажу. У другiм варыянце спадарыня Алежка з усiмi дакументамi павiнна звярнуцца ў суд, дзе вырашаецца права ўласнасцi на яе iмя.

— Але ж гэта працэдура ў судзе, напэўна, вельмi доўгая i складаная?

— Звычайна не. Суд павiнен прызначыць права ўласнасцi вызначанай нерухомасцi за вамi. Суд будзе ўлiчваць усе нюансы справы. Калi гаспадыня дома з’яўляецца прамой спадчыннiцай брата i пацвердзiць гэта дакументальна ў судзе, то справа вырашаецца адносна хутка. Аднак калi ў брата засталася жонка i дзецi, тады дом часткова (або цалкам) будзе належаць i iм. Слушная парада вам i ўсiм чытачам «Звязды»: купляючы хату або iншую нерухомасць, заўсёды патрабуйце ад прадаўца дакументы, якiя ў поўнай меры i беспамылкова вызначаюць права ўласнасцi на аб’ект. Абавязкова рэгiструйце нерухомую маёмасць на сваё iмя ў агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру, а здзелку куплi-продажу — у натарыяльнай канторы.

— У вёсцы Жыровiчы Слонiмскага раёна застаўся дом бацькоў. Бацька памёр 2 месяцы таму, мацi — iнвалiд 1-й групы. Сястра ўзяла яе жыць да сябе ў г. Смаргонь. Я жыву ў Крупскiм раёне. Як хутка i правiльна аформiць дом бацькоў, каб потым яго прадаць? Наведваць вёску вельмi часта мы з сястрой не маем магчымасцi. Мацi засталася прамой спадчыннiцай гэтай нерухомасцi. Дом дагледжаны, зроблены са шлакабетону з водазабеспячэннем i каналiзацыяй. Каля дома прыкладна 40 сотак зямлi. Гатовых дакументаў на дом i зямельны ўчастак няма. У сельскiм Савеце ёсць запiс, што дом належыць бацькам. Як гэта арганiзаваць?

Валянцiна КАРНЕЙКА, Мiнская вобласць.


— Калi дом не быў папярэдне зарэгiстраваны, трэба браць даведку паводле iнфармацыi пагаспадарчай кнiгi i на яе падставе атрымлiваць пасведчанне аб праве на спадчыну, якое потым неабходна зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру. Трэба рабiць тэхнiчны пашпарт будынка, афармляць зямлю, а потым рэгiстраваць усё гэта цалкам у выглядзе ўжо аб’екта нерухомасцi.

На практыцы гэту аперацыю па дому можна ажыццявiць значна прасцей. Звяртаецеся ў сельскi Савет, дзе дом ў пагаспадарчай кнiзе перапiсваецца на iмя вашай мацi. Пасля гэтага на падставе пiсьмовай заявы вашай мацi спецыялiсты нашага камiтэта зробяць абмер зямельнага ўчастка, тэхпашпарт на дом i зарэгiструюць аб’ект. Калi дом у пагаспадарчай кнiзе будзе запiсаны на iмя мацi i вы знойдзеце пакупнiка на жыллё, то адчужэнне нерухомай маёмасцi можна будзе зрабiць па спрошчанай схеме згодна з нормай Указа Прэзiдэнта Беларусi № 368. Здзелку куплi-продажу дома па спрошчанай схеме сведчыць старшыня сельсавета бясплатна. Iснуе толькi адно патрабаванне да пакупнiка: новы гаспадар дома павiнен ужо самастойна на працягу 6 месяцаў пасля даты куплi дома зрабiць тэхнiчны пашпарт будынка, аформiць зямельны ўчастак i зарэгiстраваць жыллё як аб’ект нерухомасцi.

— Маю прыватызаваны зямельны ўчастак у прыгарадзе. Цi магчыма будзе прадаць яго ў выключных выпадках, цi павялiчыць тэрмiн будаўнiцтва жылога дома?

Уладзiмiр ЗАЙЦАЎ, г. Бабруйск.


— Прадаваць пустыя зямельныя ўчасткi сёлета ўжо нельга. Трэба разабрацца, калi вы атрымалi зямлю i што на ёй ужо зроблена. Калi ўчастак ужо доўгi час пустуе i на iм не было пачата будаўнiцтва, то магчыма ўжо зараз трэба ставiць пытанне аб адабраннi ад вас зямлi. Калi ўласнiк зямлi не завершыць пачатае будаўнiцтва дома па нейкiх аб’ектыўных прычынах, тады мясцовыя ўлады могуць прадоўжыць тэрмiн будаўнiцтва такога дома яшчэ на год.

— Калi праз 4 гады мы так i не дабудуем дом, што можа адбыцца тады?

— У гэтым выпадку зямельны ўчастак можа канфiскоўвацца, далей ажыццяўляецца ацэнка незавершанага будаўнiцтвам аб’екта i нерухомасць прадаецца на аўкцыёне.

— Чуў, што можна будзе такi аб’ект i закансерваваць?

— Так, але гэты працэс не з’яўляецца танным. На практыцы кансервацыя недабудаванай нерухомасцi патрабуе iстотных сродкаў. Бываюць выпадкi, калi аб’ект лягчэй дабудаваць, чым ажыццявiць яго поўную кансервацыю. Праўда, сам механiзм кансервацыi зараз мае ўжо просты алгарытм. Разам з тым па гэтаму алгарытму трэба абавязкова зрабiць трывалы дах пабудовы, абаранiць ад уздзеяння навакольнага асяроддзя вокны i iншыя праёмы дома такiм чынам, каб аб’ект з цягам часу не разбураўся.

Карэспандэнт «Звязды»:

— Чытачы нашага выдання цiкавiлiся, што зараз можна зрабiць з тымi зямельнымi ўчасткамi, на якiх пачатае будаўнiцтва завяршыць будзе праблематычна ў вызначаны заканадаўствам тэрмiн па фiнансавых цi iншых прычынах. Цi можна будзе прадаваць закансерваваныя аб’екты?

Намеснiк начальнiка юрыдычнага ўпраўлення — начальнiк аддзела прававога забеспячэння маёмасных адносiнаў Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Кацярына Лук’янава лiчыць, што ў гэтым выпадку недабудаваны аб’ект магчыма закансерваваць, зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру. У гэтым выпадку ўласнiк будзе прадаваць не пусты зямельны ўчастак цi незавершанае будаўнiцтва, а аб’ект нерухомай маёмасцi.

Прадаваць зямельны ўчастак з узведзенай на iм гаспадарчай пабудовай нельга, бо зямля была дадзена грамадзянiну менавiта для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома. На зямельным участку можа быць пабудаваны недарагi дом, але ён павiнен узводзiцца згодна з зацверджаным праектам i прайсцi акт прыёмкi. Толькi ў гэтым выпадку дом будзе зарэгiстраваны ў агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру ў якасцi аб’екта нерухомасцi.

— Групе жыхароў нашай вёскi ў гэтым годзе перадалi бясплатна двухпавярховыя катэджы. У гэтых дамах мы жывём ужо каля 20 гадоў. Зараз мы вырашылi аформiць права ўласнасцi на гэтую нерухомасць. Сёння нам трэба зрабiць тэхнiчныя пашпарты сваiх кватэр i рэгiстрацыю дзяржактаў на зямлю. Тут узнiклi пытаннi. Напрыклад, адзiн кватэраздымальнiк афармляе права на зямлю, а другi жыхар катэджа не.

Нам жа прапануюць плацiць за афармленне ўсяго ўчастка зямлi пад двухкватэрным домам. Што нам рабiць?

Таццяна РАДКЕВIЧ,
вёска Тальмiнавiчы
Ляхавiцкага раёна.


— У вас iснуе долевае права на зямлю: ваша i вашага суседа. Вы афармляеце права на адзiн зямельны ўчастак, дзе ў дакуменце будуць вызначаны долi. Нашы спецыялiсты абмерваюць увесь участак пад домам i афармляюць дакумент. Гэта будзе вам каштаваць прыкладна 100 тысяч рублёў. Калi сёння сусед адмаўляецца афармляцца, зрабiце зараз сваiмi сiламi. Праз нейкi час суседу трэба будзе рэгiстравацца, вось тады вы прадасце яму копiю дакумента на яго долю зямельнага ўчастка за палову сумы, якую аплацiце зараз за абмер усяго ўчастка.

— Ёсць яшчэ адна праблема. Кажуць, што калi зямельны ўчастак афармляе адзiн уладальнiк зямлi, а не два, то ўчастак рэгiструецца толькi ў арэнду.

— Гэта не так. Сёння грамадзяне Беларусi маюць права браць зямельны ўчастак у пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну, ва ўласнасць або ў арэнду. Рашэнне аб гэтым будзе прымаць мясцовы орган улады.

— Побач з домам стаiць хлеў, якi падзелены на чатырох уласнiкаў. Нам палiчылi два ўчасткi, пад домам i вакол хлява, але яны спачатку былi агароджаны адным шчыкетнiкам i асобна не iснавалi...

— Звярнiцеся да вашага землеўпарадчыка, каб ён адшукаў генеральны план будаўнiцтва гэтых дамоў. Калi па генплану ваша зямля ўваходзiць у адзiн зямельны ўчастак, тады пытанне будзе вырашана хутка i без дадатковых страт. Па тэлефоне гэта пытанне я не вырашу.

— У 1995 годзе нам афармлялi чэкi «Маёмасць» i чэкi «Жыллё». У нас уласны дом, таму чэкi «Жыллё» мы перавялi ў чэкi «Маёмасць». Зараз мы даведалiся, што летась праводзiлi перарэгiстрацыю чэкаў «Жыллё». Але ў мяне на руках чэкi «Маёмасць». Я нават не ведала, што трэба было звяртацца ў сельскi Савет, браць даведку i звяртацца ў райвыканкам, каб назад вымаць з чэкаў «Маёмасць» чэкi «Жыллё». Пераафармляць чэкi трэба было да 1 студзеня 2007 года. Якi далейшы лёс чэкаў «Маёмасць»?

Таiса ГАТОЎЧЫЦ, вёска Крывошын Ляхавiцкага раёна.


— Толькi летась нашаму камiтэту быў перададзены Фонд дзяржмаёмасцi. На ваша пытанне я зараз дакладна не адкажу, але праз газету мы растлумачым хутка ўсе нюансы па чэках. Сёння я дам даручэнне сваiм падначаленым, i яны падрыхтуюць падрабязны адказ на гэту тэму.

З гэтым пытаннем у рэдакцыю на «прамую лiнiю» звярнулася больш за 10 чалавек. Адказ рэдакцыя плануе надрукаваць не пазней, чым на наступным тыднi.

 — Адкажыце, колькi трэба плацiць падатку за карыстанне зямлёй, калi ў Калодзiшчах ёсць дача з участкам 10 сотак?

Леанiд СЯНЮТА, г. Мiнск.


— Так адразу i не адкажу. Дакладныя лiчбы тарыфаў ведае мясцовы землеўпарадчык i iнспектар падатковай службы. Я, напрыклад, за сваю дачу ў вёсцы Шчомыслiца заплацiў падатак на нерухомасць i зямельны падатак за год у памеры 115 тысяч рублёў.

— Калi трэба такiя падаткi плацiць? Цi налiчаць мне пеню, калi заплачу не ў пачатку года?

— Плацiць трэба раз у год, да лiстапада ўключна.

— У Дзяржынскiм раёне ў мяне ёсць зямельны ўчастак у пажыццёвым валоданнi з правам перадачы ў спадчыну. Цi магу я там не будаваць дом?

Марыя ПЯТРОВА, г. Мiнск.


— Вам вырашаць. Але тады зямлю ад вас забяруць i ўсё. Колькi гэты ўчастак знаходзiцца ў вас?

— Недзе больш як 10 гадоў.

— Упэўнены, што ўжо ў лютым зямельны ўчастак ад вас забяруць. Гэта трэба было зрабiць яшчэ ў мiнулым годзе.

— Я не згодная. У маёй паперы на зямлю прапiсана толькi права на будаўнiцтва, але гэта не абавязак.

— Зямельны ўчастак вам быў дадзены на якiя мэты?

— Для агарода.

— Вы ў гэтым упэўнены? Згодна з рашэннем сельскага Савета ўчастак вам быў дадзены дзеля чаго?

— Там надрукавана, што з правам будаўнiцтва. Каб дакладна вам адказаць, трэба перачытаць тое рашэнне.

— Калi зямельны ўчастак быў дадзены для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома, то будаваць на iм жыллё трэба абавязкова. Калi зямля даецца для агароднiцтва, тады на ёй трэба вырошчваць бульбу, агуркi i цыбулю. Абавязкова будаваць там не трэба.

— Вас з Мiнска турбуюць. Справа ў тым, што колькасць машын у сталiцы штогод павялiчваецца, а парковак больш не робiцца. Куды аўтамашыны ставiць у горадзе? Вы гэты працэс неяк кантралюеце?

Алена БРЫЛЯ, г. Мiнск.


— Гэтай праблемай павiнна займацца мэрыя Мiнска. У горада iснуе камiтэт архiтэктуры, якi праектуе гарадскi масiў. Даволi добра ведаю гэтую праблему, прыпаркавацца ў горадзе сапраўды складана. Днямi ў Савеце Мiнiстраў была распрацавана пастанова, якая датычыцца арганiзацыi стаянак для аўтатранспарту. Урад ведае праблему i будзе яе вырашаць. Падчас праектавання новых мiкрараёнаў i дамоў менавiта каля дамоў будуць будавацца сучасныя аўтастаянкi.

— Што рабiць, калi маладыя хлопцы наладзiлi мыццё сваiх машын у двары шматпавярховага дома? Чысцiня ўласнага аўтамабiля, можа, гэта i добра, але ручаi з хiмiчнымi рэчывамi сцякаюць у бок дзiцячай пляцоўкi, якую летась толькi адрамантавалi. Летам каля нашага дома, што па вул. Казiнца, 35, увогуле ў выхадныя юныя прадпрымальнiкi арганiзоўваюць дробны рамонт пабiтых машын. Хто павiнен кантраляваць становiшча?

Вiялета Лiма, г. Мiнск.


— Калi ваш дом кааператыўны, то звяртацца лепш адразу да старшынi арганiзацыi. Калi кiраўнiцтва кааператыва не вырашае праблему, то трэба аб такiх парушэннях сiгналiзаваць ужо мясцоваму ўчастковаму або на «гарачую лiнiю» да спецыялiстаў па ахове навакольнага асяроддзя. Зараз у Мiнску хапае сучасных мыек. Каштуе гэта каля 8—15 тысяч рублёў. Калi жыхары вашага дома будуць маўчаць, то праз некалькi гадоў маладыя аўтааматары зробяць на вашым двары звалку, дзе нiколi ўжо нiчога не будзе расцi.

— Два гады таму набыла невялiкi зямельны ўчастак недалёка ад Мiнска для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома. У гэтым масiве каля вёскi Ружампаль зямельныя ўчасткi для будаўнiцтва давалi прыкладна 10 гадоў таму, але i зараз там не праведзены вада i электрычнасць. Каб аформiць i зарэгiстраваць сваю нерухомасць, дом трэба дабудаваць. Але як мы яго дабудуем без святла i водазабеспячэння?

Елiзавета Ткачова, г. Мiнск.


— Адкажу вам на сваiм прыкладзе. Мы скiнулiся i правялi электрычнасць з вёскi да дамоў, потым яшчэ сабралi грошай i зрабiлi водазабеспячэнне.

— Мы таксама збiралi грошы. Рабiлi гэта шмат разоў, але сродкаў не хапала, бо плацiлi не ўсе. Хто можа нам дапамагчы?

— У вас павiнен гэтым кiраваць актыўны арганiзатар, якi будзе збiраць сродкi. Iншага выйсця няма. Зараз iснуе ўказ кiраўнiка дзяржавы, якi забараняе выдзяляць зямельныя ўчасткi без iнжынерных камунiкацый.

— Усё зразумела. Аднак праблема не вырашыцца. Без вады i святла я не здам дом у эксплуатацыю праз 3 i нават 4 гады. Што тады? Участак канфiскуюць?

— Згодна з iснуючым заканадаўствам, у кожным асобным выпадку спрэчныя пытаннi вырашаюць мясцовыя органы ўлады, а не наш камiтэт.

— Калi ў садаводчым таварыстве ў нас ёсць участак зямлi i дом на двух гаспадароў, але другi гаспадар дабудоўваць сваю палову дома не жадае, то як можна зарэгiстраваць дом, калi другi гаспадар на сваёй жылплошчы нiчога не робiць?

Антон Маляўка, г. Мiнск.


— Калi дом недабудаваны, то зарэгiстраваць яго нельга. У садаводчым таварыстве будаваць дом не абавязкова. Прымусiць яго зрабiць гэта немагчыма.

— З боку суседа стаiць «каробка» , якая пачала разбурацца. За пасiўнасць яго могуць аштрафаваць?

— Не. Мы збiраемся ўнесцi змяненнi ў нарматыўныя дакументы па гэтаму пытанню, што калi заблакiраваны дом, то асобны сусед змог бы зарэгiстраваць сваю кватэру ў такiм доме.

— Мы атрымалi спадчыну на дваiх.

— Са спадчынай вам будзе вельмi складана. Паспрабуйце па-мiрнаму купiць у сваяка яго долю, так будзе прасцей. Прымусiць немагчыма.

— Я ўзяла крэдыт, пазычыла яшчэ грошай i хачу купiць дом. Сваю кватэру потым прадам i аддам пазыку. Пасля таго як я прадам кватэру, на гэту суму налiчаць падатак цi не?

Зiнаiда Коршун, г. Чэрвень.


— Калi вы прадаяце кватэру ўпершыню за апошнiя 5 гадоў, то даход ад такой здзелкi падаткам не абкладаецца.

— Я буду купляць дом у вёсцы. Нiколi да гэтага такiя здзелкi не рабiла. Як правiльна аформiць дакументы, каб не нарабiць памылак?

— Пры куплi аб’екта нерухомасцi дом трэба абавязкова зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру, каб было ў вас права ўласнасцi на дом, права валодання цi ўласнасцi на зямельны ўчастак. Потым усё гэта трэба афармляць праз натарыят. Калi дом пабудаваны да 1993 года, то можна яго аформiць i праз сельскi Савет. Калi ён быў пабудаваны пазней, то тады толькi праз натарыуса. Натарыус пракантралюе, каб здзелка была аформлена выключна па закону.

— Калi я пажадаю купiць дом, мне трэба будзе абавязкова выпiсвацца са сваёй гарадской кватэры i прапiсвацца ў вёсцы? Але ж я яшчэ кватэру не прадала.

— Не, не iснуе абавязковага патрабавання аб выпiсцы i прапiсцы па новаму адрасу. Вы можаце, калi хопiць грошай, у кожнай вёсцы нашай краiны мець дом ва ўласнасцi, але прапiсаны будзеце толькi ў адным месцы.

— У вёсцы ад бацькi застаўся дом. Хата была пабудавана без дапамогi дзяржавы. Зараз для рэгiстрацыi гэтай нерухомасцi мне трэба будзе плацiць каля 300 тысяч рублёў. Лiчу вашы зямельныя законы несправядлiвымi.

Людмiла Мiхайлаўна, г. Навагрудак.


— За што 300 тысяч вам трэба плацiць? Акт на зямлю 93 тысячы рублёў плюс трэба зрабiць тэхнiчны пашпарт i зарэгiстраваць дом з зямлёй як аб’ект нерухомасцi.

— Здарылася так, што ў дакументах на спадчыну маё iмя па бацьку не зусiм дакладна запiсалi. Зараз трэба ўжо ў судзе за грошы гэтую памылку выпраўляць. Нерухомасць зарэгiстраваць трэба, але ў мяне зараз грошай няма.

— Вы збiраецеся потым гэты дом прадаць?

— Не. Добры дом, хай стаiць. Але кiраўнiцтва сельскага Савета патрабуе зарэгiстраваць, бо ў адваротным выпадку пагражаюць разбурыць будынак i аддаць яго на дровы «бамжам».

— Вас проста напалохалi. Рэгiстраваць гэты дом абавязкова вам не трэба. Неабходна напiсаць заяву ў сельскi Савет аб тым, што дом належыць вам на праве ўласнасцi або, што вы хочаце атрымаць гэта права па суду. Таксама трэба дадаць, што будзеце рамантаваць плот ля дома, касiць траву, даглядаць агарод, сад i ўвогуле ўтрымлiваць дом у належным стане. Трэба, каб дом выглядаў жылым. Можна не афармляць, але трэба ведаць, што пасля вас дом застанецца нашчадкам. Яны павiнны будуць зарэгiстраваць нерухомую маёмасць ужо па складанаму варыянту. Трэба будзе шукаць шмат дакументаў, магчыма, зноў звяртацца ў суд i плацiць за рэгiстрацыю па поўнай праграме. Дзецi або ўнукi, якiя не жывуць побач з бацькамi, могуць адмовiцца ад такой спадчыны, калi афармленне яе патрабуе шмат часу i грошай.

— Мая добрая сяброўка з Маладзечна разам з мужам назбiрала грошай i збiраецца пабудаваць дом у Мiнску. Аднак кажуць, што зараз прасцей пабудаваць у сталiцы кватэру, чым атрымаць або набыць участак зямлi ў сталiцы. Няўжо гэта так?

Марына К., г. Мiнск.


— Зараз атрымаць якi-небудзь прывабны зямельны ўчастак у сталiчным рэгiёне вельмi складана. У самiм горадзе Мiнску — практычна немагчыма. Нават у Мiнскiм раёне атрымаць участак пакуль вельмi цяжка. Зараз, згодна з указам Прэзiдэнта краiны № 58, тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, мае магчымасць набыць зямельны ўчастак у тым лiку i на аўкцыёнах. Такiх аўкцыёнаў сёлета пакуль яшчэ не было. Раю вам уважлiва сачыць за публiкацыямi ў друкаваных СМI.

— Я з’яўляюся iндывiдуальным прадпрымальнiкам. Маю жаданне ўзяць у арэнду зямельны ўчастак плошчай прыкладна паўгектара. Што мне зараз рабiць?

Вiктар Свiрко, г. Iвацэвiчы.


— Я магу прапанаваць вам вырашыць гэта пытанне толькi праз аўкцыён. Трэба звярнуцца ў адпаведную службу райвыканкама. Няхай спецыялiсты сфармiруюць неабходны вам зямельны ўчастак, адшукаюць яшчэ мiнiмум аднаго заяўнiка, а потым арганiзуюць аўкцыён, на якiм будзе прадавацца права арэнды гэтага ўчастка. Атрымае гэта права толькi той, хто больш заплацiць.

— Мне здаецца, што зараз сельскiя Саветы ўжо завяршылi перапiс безгаспадарчых дамоў у сельскай мясцовасцi. Мяне турбуе лёс прысядзiбных зямельных участкаў, дзе ёсць старыя дамы. Па якому кошту iх плануецца прадаваць прыватнiкам?

Уладзiмiр Бярэзiн, г. Мiнск.


— Калi гэтыя дамы з участкамi будуць прадаваць пад жыллё, то яны будуць рэалiзоўвацца мясцовымi органамi на аўкцыёнах. Стартавым коштам зямельных участкаў стане кадастравая цана такой зямлi. Да гэтага спецыялiсты камiтэта правялi кадастравую ацэнку ўсiх населеных пунктаў.


Сяргей КУРКАЧ
Звязда,
20, 23, 24, 25 января 2007,

Вернуться в «Земельный вопрос»

Кто сейчас на форуме

Количество пользователей, которые сейчас просматривают этот форум: нет зарегистрированных пользователей и 7 гостей

cron

Rambler's Top100 Rambler'sTop100 Рейтинг агентств недвижимости портала Realt.by