Калi не супраць органы апекi
Мы — маладая сям’я (двое непаўналетнiх дзяцей), пражываем у прыватызаванай двухпакаёўцы. Вырашылi прадаць яе i па долеваму ўдзелу пабудаваць 4-пакаёўку. Але кажуць, што органы апекi продаж могуць не дазволiць. Цi так гэта? I якiмi нормамi кiруюцца органы апекi пры разглядзе падобных пытанняў?
Л. ТЫШКО, г. Мiнск.
Сапраўды, як патлумачыў член праўлення грамадскага аб’яднання «Веды» В.В. САВIЦКI, у адпаведнасцi з арт. 123 Жыллёвага кодэкса Рэспублiкi Беларусь адчужэнне жылога памяшкання, у якiм пражываюць непаўналетнiя члены сям’i ўласнiка, дапускаецца толькi са згоды органа апекi i папячыцельства.
Пастановай Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 22 студзеня 2005 года № 121 падрыхтоўка праектаў рашэнняў мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў аб дачы згоды на ажыццяўленне здзелак адчужэння, залогу i абмену жылых памяшканняў, у якiх пражываюць непаўналетнiя дзецi, ускладзена на ўпраўленнi (аддзелы) адукацыi.
Пры разглядзе такiх пытанняў упраўленнi (аддзелы) адукацыi ў кожным канкрэтным выпадку вызначаюць, цi адказвае здзелка правам i законным iнтарэсам непаўналетняга, а таксама наступствы яе ажыццяўлення (дзе будзе пражываць дзiця пасля адчужэння жылля, на якiх правах i ўмовах, чым будуць адрознiвацца ўмовы пражывання непаўналетняга ад цяперашнiх). Аналiзуецца таксама iнфармацыя (копii дакументаў з усiмi характарыстыкамi жылога памяшкання) аб жылым памяшканнi, якое набываецца, узамен таго, што адчужаецца, i ўлiчваюцца iншыя акалiчнасцi, што адносяцца да ажыццяўляемай здзелкi.
Адмова ў дачы згоды на адчужэнне, залог або абмен жылога памяшкання можа быць абскарджана заяўнiкам у Мiнскi гарвыканкам або суд ва ўстаноўленым парадку.
Звязда, 2 марта 2007