Чэкамi за шыфер не разлiчышся
Да вас звяртаецца з пытаннем пенсiянерка, iнвалiд II групы. Справа ў наступным. Я маю чэкi «Жыллё». Жыву ва ўласным доме, якi патрабуе рамонту. Трэба замянiць дах, якi працякае. Хацела б узяць крэдыт на набыццё шыферу. Цi магу я ў некаторай меры пагасiць яго чэкамi «Жыллё»? На гэта пытанне я не магу знайсцi станоўчага адказу ў сваёй мясцовасцi. Паважаная рэдакцыя, калi зможаце, адкажыце мне. Загадзя вам удзячная.
Ганна Паўлаўна ЛЯВОНЕНКА,
в. Вуглы Брагiнскага раёна.
На жаль, Ганна Паўлаўна, адказ на ваша пытанне будзе адмоўным. Гэта нам пацвердзiлi ў аддзеле эканомiкi Брагiнскага райвыканкама. Калi б гаворка вялася пра крэдыт на будаўнiцтва жылля, трэба, яго частку магчыма было б пагасiць памянёнымi чэкамi «Жыллё». Але i тут не ўсё так проста, паколькi трэба было выканаць шэраг умоў. Напрыклад, стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Калi б заяўнiца пажадала ўзяць крэдыт на сябе, улiчваючы, што яна пенсiянерка (хоць пенсiянерам браць крэдыты не забараняецца), маглi ўзнiкнуць цяжкасцi, напрыклад, з паручыцелямi i г.д.
З лiста незразумела: адзiнока пражываючая наша чытачка цi не. Паколькi для такой катэгорыi грамадзян можа быць аказана дапамога, напрыклад, як за кошт гаспадарак, на тэрыторыi якiх яны пражываюць, так i сацыяльных службаў. Праз упраўленне па працы i сацыяльнай абароны райвыканкама мы ўдакладнiлi гэтыя звесткi: з Ганнай Паўлаўнай пад адным дахам пражываюць працаздольныя дзецi. Акрамя таго, жанчына карыстаецца шэрагам iльгот: 50-працэнтнай скiдкай пры аплаце за газ, яна мае права на набыццё 3 тон брыкету па датацыйных цэнах...
Звязда, 6 января 2007